ЗША ўхвалілі перадачу Украіне сотняў ракетаў для HIMARS і Patriot
3- 11.05.2025, 13:34
- 4,552

Боепрыпасы належаць нямецкаму бундэсверу.
ЗША дазволілі Нямеччыне перадаць Украіне 100 ракетаў для сістэмаў супрацьпаветранай абароны (СПА) Patriot і 125 ракетаў вялікай далёкасці для артылерыйскіх комплексаў HIMARS і MARS II, піша The New York Times (NYT) са спасылкай на прадстаўніка амерыканскага кангрэса.
Хоць гэтыя боепрыпасы належаць бундэсверу, іх пастаўка ў іншыя краіны павінна ўзгадняцца з ЗША як з дзяржавай-вытворцай.
Украіна мае патрэбу ў саміх ЗРК Patriot, паколькі толькі яны здольныя эфектыўна збіваць расейскія балістычныя ракеты. Цяпер у яе ёсць восем такіх сістэмаў, але з іх працуюць толькі шэсць. Кіраўнік Мінабароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс казаў у красавіку, што ў Берліна пакуль няма магчымасці перадаць Кіеву дадатковыя Patriot, аднак ён паабяцаў паставіць 30 ракетаў для ўжо наяўных ва УСУ амерыканскіх комплексаў і чатыры нямецкія сістэмы СПА IRIS-T SLM. Яшчэ 90 ракетаў для Patriot былі вывезеныя ў Польшчу з Ізраіля для наступнай перадачы Кіеву ў студзені, пісаў Axios.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў пра гатоўнасць набыць у ЗША 10 Patriot за $ 15 млрд. Аднак гэтая прапанова засталася без адказу. Тым не менш на фоне адмовы Расеі ад безумоўнага спынення агню і ўзмацнення абстрэлаў украінскіх гарадоў, якія прывялі да шматлікіх ахвяраў, заходнія хаўруснікі пачалі перамовы аб перадачы Кіеву дадатковых Patriot, казала крыніца Reuters. Бакі маюць намер дасягнуць адпаведнай дамовы да саміту NATO ў канцы чэрвеня.
Таксама да лета Украіна павінна атрымаць адну сістэму Patriot з Ізраіля, пастаўка якой была ўзгодненая з Белым домам пры прэзідэнту Джо Байдэну, казалі суразмоўцы NYT сярод амерыканскіх чыноўнікаў. Зяленскі адзначаў, што для поўнай абароны краіны патрэбна 25 такіх ЗРК. Паводле звестак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, у свеце эксплуатуюцца прыкладна 186 Patriot. Траціну з іх выкарыстоўваюць ЗША і блізу 40 – краіны Еўропы, уключаючы Украіну.
Новая сістэма Patriot складаецца з 5/8 пускавых установак, кожная з якіх абсталёўваецца чатырма ракетамі-перахопнікамі. Кошт аднаго снарада ацэньваецца на $4 млн, а самога комплексу – на $1 млрд.