Уначы ў Бягомль зайшоў мядзведзь
9- 11.05.2025, 15:17
- 6,918

Мясцовыя жыхары расказалі падрабязнасці пра сустрэчу.
Мінулай ноччу ў Бягомлі (Віцебская вобласць) мясцовыя жыхары заўважылі мядзведзя. Відэа з жывёлай з'явілася ў Instagram. Паводле словаў відавочцаў, звер перасек дарогу, прабег праз некалькі двароў і сышоў у бок лесу, піша «Анлайнер».
Адзін са сведкаў, Зміцер, які разам з сябрамі ехаў па пасёлку, расказаў падрабязнасці здарэння.
– Мы каталіся і ехалі з боку Докшыцаў у бок Бягомля. Я паварочваю галаву і разумею: стаіць нешта вялікае. Спачатку падумаў: сабака. Але потым даходзіць: у сабакі не можа быць такіх лапаў. Павярнулі назад – яго ўжо няма. Пазней сустрэлі іншае аўто, у якім сядзелі мужчыны. Яны спыталі, ці не згубілі мы сабаку. Я кажу: «Гэта быў не сабака, а мядзведзь». Яны такія: «Так, мы таксама так падумалі». Ён, маўляў, уцёк у бок возера.
Паводле словаў хлопца, ён убачыў жывёлу паўторна ўжо каля гарадской лазні.
– Гэта было медзведзяня, мяркуючы з памеру, максімум падгадаваны. Мы пад'ехалі, ён уцёк. Пабег па вуліцы, устаў на заднія лапы, паглядзеў на нас, парваў плот у адным з двароў і знік. А крыху пазней, калі мы паехалі ўздоўж лесу, ён літаральна рэзнуўся ў плот побач з машынай, развярнуўся і зноў уцёк. Мы потым ездзілі і папярэджвалі людзей, каб былі больш акуратнымі: усё ж дзікі звер бегае па пасёлку.
Дзмітрый таксама адзначыў, што звер выглядаў напалоханым.
– Было страшна. Тым больш ён такі малады – а раптам побач і маці недзе? Ну і, зразумела, напалоханы, бегае хаатычна, можа павесці сябе непрадказальна.
Пакуль невядома, адкуль менавіта з'явіўся мядзведзь. У такіх сітуацыях спецыялісты раяць унікаць кантакту з жывёламі і паведамляць пра іх з'яўленне ў прыродаахоўныя службы.