12 траўня 2025, панядзелак, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канцлер Нямеччыны засакрэціў пастаўкі зброі Украіне

12
Канцлер Нямеччыны засакрэціў пастаўкі зброі Украіне
ФРЫДРЫХ МЕРЦ
ФОТА: GETTY IMAGES

Звесткі схаваюць, каб дамагчыся «стратэгічнай нявызначанасці» і не даць РФ атрымаць якія-небудзь перавагі ў вайне.

Урад Нямеччыны перастане публікаваць падрабязную інфармацыю пра ваенную дапамогу Украіне, заявіў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц падчас візіту ў Кіеў. «Пад маім кіраўніцтвам дэбаты аб пастаўках зброі, калібры, сістэмах узбраення і гэтак далей будуць выведзеныя з поля зроку грамадскасці», – сказаў ён (цытата паводле Reuters).

Раней дасведчаная крыніца паведаміла агенцтву, што звесткі пра ваенную дапамогу Украіне схаваюць, каб дамагчыся «стратэгічнай нявызначанасці» і не даць Расеі атрымаць якія-небудзь перавагі ў вайне. Паводле ягоных словаў, сярод іншага ўрад перастане весці спіс перададзенай зброі, які рэгулярна абнаўляўся на сайце з 21 чэрвеня 2022 года.

На саміце «кааліцыі ахвотных» у Кіеве Мерца таксама спыталі пра пастаўкі дальнабойных ракетаў Taurus, што было адным з ягоных перадвыбарных абяцанняў. Палітык не даў прамога адказу, але і не выключыў такой магчымасці. Незадоўга да абрання ён казаў, што гэтая пастанова будзе прымацца ва «ўзгадненні з партнёрамі».

Мерц, які ўступіў на пасаду канцлера 6 траўня, запэўніў, што Нямеччына не адмовіцца ад свайго абавязальніцтва падтрымліваць Украіну ў барацьбе супраць расейскага ўварвання. «Гэта ў нашых агульных еўрапейскіх інтарэсах. Гэтая вайна пагражае не толькі тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Гэтая вайна спрабуе знішчыць поўнасцю палітычны парадак Еўропы. Таму мы разам з Украінай», – адзначыў ён. У той самы дзень урад ФРГ паведаміў пра перадачу УСУ 66 мінаўстойлівых бронемашынаў, блізу 50 тыс. артылерыйскіх снарадаў і боепрыпасаў, у тым ліку для сродкаў супрацьпаветранай абароны IRIS-T.

Раней міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бербок заявіла, што Берлін вылучыць Кіеву больш за 11 млрд еўраў ваеннай дапамогі да 2029 года ўключна, з іх 3 млрд еўраў – сёлета. Да канца 2025-га Украіна атрымае чатыры сістэмы СПА IRIS-T і 300 снарадаў да іх, 30 ракетаў для Patriot, 15 танкаў Leopard 1, 25 баявых машынаў Marder, а таксама 100 тыс. артылерыйскіх боепрыпасаў. Акрамя таго, Нямеччына можа перадаць Кіеву амерыканскі ЗРК Patriot, гэтае пытанне абмяркоўваецца з ЗША, сцвярджалі крыніцы The New York Times.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках