«Змыла ўвесь агарод, затапіла пляц»
14- 12.05.2025, 9:45
- 12,376

У вёсцы пад Смаргонню проста на падворку забіў пяціметровы артэзіянскі фантан.
У вёсцы Пасынкі Смаргонскага раёна сям'я надумала прасвідраваць свідравіну на пляцы, аднак замест чаканай крыніцы вады іх чакаў сюрпрыз - фантан вышынёй на пяць метраў, піша «Светлы Шлях».
- Студні ў нас на пляцы ніколі не было. Мы даўно думалі прасвідраваць свідравіну і правесці ваду ў дом, бо раней хадзілі па яе да суседа, - распавядае гаспадыня пляцу Святлана Мацюлька.
Прыехалі рабочыя, устанавілі абсталяванне і пачалі бурыць зямлю. Апусціліся на глыбіню пяць метраў, а адтуль забіў фантан вады — праз такі напор не атрымлівалася ўставіць трубы.
— Гэты фантан ліўся вышэй за дах нашага дома. Ніхто не ведаў, што рабіць, і тады надумалі закласці цэглай, — працягвае жанчына.
Дом 1957 года пабудовы, пляц стары, і ніхто не разумеў, адкуль такі напор і столькі вады. Сям'я падумала, што гэта неяк звязана з крыніцай, якая была раней недалёка ад дома.
— Рабочыя сказалі, што з такім яшчэ не сутыкаліся. Звязаліся яны са спецыялістамі з Менска, якія параілі ачысціць тэрыторыю і ўстаўляць трубы. Мы з мужам спалі пазменна, кантралявалі ваду. Змыла ўвесь агарод, затапіла пляц, і мы пачалі ўжо асцерагацца за дом. Прынялі пастанову накіраваць плынь вады на дарогу.
Вяскоўка расказала, што глыбіня свідравіны склала ўсяго пяць метраў, хаця ў суседзяў — амаль 50.
— Вада вельмі чыстая. Улетку — халодная. Зімой крыху падмярзае калонка, таму на гэты перыяд яе ўцяпляем.
Калі з-пад зямлі б'е фантан і вада паднімаецца з сілай, такую свідравіну называюць артэзіянскай. Гэта з'ява сустракаецца ў Беларусі даволі рэдка.