У Менску прадаецца кватэра амаль за $2 мільёны
7- 12.05.2025, 10:56
- 4,364

У ёй яшчэ ніхто не жыў.
На вуліцы Ціміразева ў Менску выстаўлена на продаж двухузроўневая кватэра, і гэта, бадай, адна з самых дарагіх прапаноў на рынку нерухомасці Менска. Яе кошт - $1 699 000 паводле курсу, піша «Онлайнер».

Жыллё хаваецца ў доме 2008 года пабудовы, пры гэтым сама кватэра выглядае так, быццам яе інтэр'ер вытканы з фантазій пра каралеўскае жыццё. Тут няма ні намёку на сціпласць: пазалота, крышталь, молдынгі і мармур на кожным кроку. Нават кухня ўпрыгожаная разьбянымі элементамі і ляпным дэкорам, а элементы аксаміту сустракаюцца не толькі ў тэкстылі, але і на столі. Так што аматарам мінімалізму лепш адразу закрыць укладку.
Са слоў уладальнікаў, уся мэбля прывезеная з Італіі, а многія элементы ў інтэр'еры вырабляліся паводле аўтарскіх эскізаў.

Кватэра займае 334 «квадраты». І без таго немаленькую плошчу візуальна павялічвае вялікая колькасць люстэркаў, выкарыстаных у аздабленні. Вышыня столяў таксама каралеўская - 3 метры. На першым паверсе размяшчаецца кухня, гасцёўня з камінам, спальня і ванны пакой. На другім - майстар-спальня з уласным санвузлом і джакузі, яшчэ дзве спальні і некалькі гардэробных.

З гасцёўні наверх вядзе вытанчаная каваная лесвіца. Хол другога паверха сустракае незвычайнымі столямі - яны з вітражным шкленнем, як у старадаўніх палацах або касцёлах.
Спачывальні таксама выглядаюць раскошна - гаспадары кінулі эстэтычны выклік спакою і супакаенню. Але затое паклапаціліся аб найлепшай гукаізаляцыі, дадаўшы мяккія панэлі на сцяну.
Нягледзячы на класічны інтэр'ер, напаўненне кватэры цалкам сабе сучаснае: напрыклад, тут ўстаноўленая сістэма «Разумны дом».
Аднак набыць такі палац у мініяцюры зможа не кожны. Кошт нерухомасці ўласнікі ацанілі на $1 699 000 у эквіваленце. Дарэчы, да гэтага ў кватэры ніхто не жыў.