«Ішла нарада»: з'явіліся падрабязнасці ўдару УСУ па пункце камандавання расейцаў у Рыльску
16- 12.05.2025, 17:05
- 17,636

СПА ўжо не ратуе РФ.
З'явіліся новыя дэталі прыцэльнага ўдару УСУ па месцазнаходжанні 40-й брыгады марской пяхоты УС РФ у Рыльску (Курская вобласць). У момант нападу на аб'екце знаходзілася камандаванне брыгады.
Інфармацыю пацвердзіў Z-рэсурс «Северный канал», звязаны з акупацыйным войскам РФ, паведамляе «Диалог».
Удар быў нанесены ўвечары ў нядзелю, 11 траўня. Цэллю стаў матэль Рыльска, дзе размясціліся расейскія акупанты.
«Гэта не проста «чарговы прылёт» УСУ (...), цэліліся ў галовы. У будынку ішла нарада, прысутнічаў камандны склад 40-й брыгады марской пяхоты, у тым ліку і намеснік камандзіра. Прыляцела дакладна, без шанцаў. Разбурэнне сур'ёзнае, завал…Страты ёсць», - напісаў Z-канал.
Ён канстатаваў, што ва Украіны вельмі добра працуе выведка. Таксама ва УСУ, відавочна, няма праблем з нанясеннем высокадакладных удараў.
«Ні СПА, ні легенды пра «глыбокі тыл» ужо не ратуюць. Працуюць па афіцэрах, па планаванні, па камандных пунктах», - канстатаваў «Северный канал».