13 траўня 2025, aўторак, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шматхадоўка ў пустыні

Шматхадоўка ў пустыні

Савудаўская Арабія мяняе стратэгію нафтавай палітыкі.

На фоне зніжэння коштаў нафты да $61 за барэль Brent і $58 за WTI, Савудаўская Арабія нечакана падтрымала пастанову ОРЕС+ павялічыць здабычу ў чэрвені яшчэ на 411 000 барэляў на дзень. Гэты крок канчаткова пацвярджае: каралеўства мяняе стратэгію з жорсткага рэгулявання рынку на максімізацыю доўгатэрміновых даходаў, піша былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі ЗША Грэг Прыдзі для выдання The National Interest (пераклад - сайт Charter97.org).

«Гэта адмова ад ілюзіі кантролю над рынкам», – тлумачыць аналітык. Замест таго, каб трымаць кошты на высокім узроўні пры дапамозе абмежаванняў, Савудаўская Арабія зараз робіць стаўку на павелічэнне аб'ёмаў экспарту, нават калі гэта часова зніжае кошт.

Гэта істотнае змяненне - яшчэ ў чэрвені 2023 года міністр нафты Абдулазіз бін Салман прапаноўваў «пернік» - аднабаковае скарачэнне здабычы на 1 млн барэляў на дзень, каб падняць кошты. Зараз жа пра такія ініцыятывы размова больш не ідзе.

Раней Савудаўская Арабія спрабавала «правучыць» парушальнікаў унутры ОРЕС+ - такіх як Казахстан і Ірак, якія перавышалі квоты. Аднак дыскусіі аб «пакаранні» сышлі на нішто. Прычына - агульнае ўсведамленне: рост попыту не апраўдвае чаканняў.

«Апошнім цвіком у вечка тэорыі высокага попыту сталі звесткі аб продажах электрамабіляў у Кітаі ў 2024 годзе», – адзначае крыніца, знаёмая з працэсам гэтых перамоў. Кітай - ключавы рынак, і калі яго спажыванне стабілізуецца, разлічваць на рост сусветнага попыту на нафту звыш 1 млн барэляў на дзень становіцца праблематычна.

У такіх варунках Савудаўская Арабія робіць стаўку на аб'ёмы, а не на кошт. «Калі раўнаважкі кошт нафты - $65-70, то што больш выгадна: прадаваць 8 млн барэляў за дзень або 10?» - рытарычна задае пытанне эксперт.

Новыя паводзіны Эр-Рыяда - гэта не капітуляцыя, а прызнанне рэалій. Каралеўства накіраванае не на кароткатэрміновы ўздым коштаў, а на ўстойлівае павелічэнне даходаў. Гэта - шматхадоўка ў пустыні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках