«Дзеці баяцца хадзіць у школу»
9- 12.05.2025, 18:12
- 4,640

У Лідзе завялося вялікае сямейства ліс у межах горада.
У інстаграме набірае папулярнасць ролік, на якім мінакі паказалі лісу з некалькімі лісянятамі. Гэта было б міла, калі забыцца пра тое, што лісы з'яўляюцца аднымі з самых частых пераносчыкаў шаленства сярод дзікіх жывёлін.
Той самы ролік апублікаваў канал «Лида Новости». Аўтарка відэа тлумачыць, што, з аповедаў мясцовых жыхароў, усяго лісаў сем, хоць ёй і ўдалося зафатаграфаваць на тэлефон толькі чатырох. Сама мама-ліса выглядае знясіленай, бо «ёй цяжка карміць такую колькасць у гарадскіх умовах».
- Нашы дзеці ўжо баяцца ідзі ў школу адны. Хацелася б, каб кампетэнтныя службы без шкоды вывезлі лісу з лісянятамі ў лес, - дадае аўтарка.
Сайт дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае, што пры выяўленні ў населеным пункце дзікіх жывёл, якія ўяўляюць небяспеку для чалавека, варта не рызыкаваць здароўем або жыццём дзеля прыгожых кадраў у сацыяльных сетках, а паведаміць падрабязную інфармацыю ў дзяжурную службу раённага аддзела МНС або ў аператыўна-дзяжурную службу міліцыі. Спадзяемся, што захады наконт лісінай сям'і з Ліды ўжо ўжытыя.