Зяленскі і Эрдаган абмеркавалі план патэнцыйнай сустрэчы з Пуціным у Турцыі
10- 12.05.2025, 20:27
- 3,528

Сустрэча можа адбыцца ў чацвер.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову са сваім турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Яны абмеркавалі будучыя перамовы Украіны і Расеі.
Пра гэта паведамляе выданне Haberturk.
Паводле ягоных словаў, яны абмеркавалі з Эрдаганам ключавыя дэталі сустрэчы Украіны і Расеі ў Турцыі. Ён падзякаваў за падтрымку і гатоўнасць на самым высокім узроўні спрыяць дыпламатыі.
Зяленскі адзначыў, што цяпер важная неабходнасць спынення агню. Таксама трэба, каб партнёры забяспечылі маніторынг спынення агню.
«Мы гатовыя да прамых перамоваў з Пуціным. І вельмі важна, што мы ўсе разам у Еўропе працуем дзеля доўгатэрміновага стварэння бяспекі. Будзем у няспынным кантакце з Амерыкай. Дамовіліся з прэзідэнтам Эрдаганам пра далейшую супольную працу дзеля таго, каб мір быў», – расказаў Зяленскі.
Паводле словаў прэзідэнта Турцыі, ён падтрымлівае імкненне да заканчэння вайны.
«Турцыя стала краінай, чыё пасярэдніцтва запатрабаванае. На гэтым этапе Расея – Україна – Амерыка і Еўропа згодныя правесці перамовы», – сказаў Эрдаган.
Паводле ягоных словаў, Турцыя – адзіная краіна, якая заваявала давер усіх бакоў.
«Мы заявілі, што гатовыя зрабіць свой унёсак у гэтыя перамовы і што будзем радыя прыняць іх у сябе. Мы бачым, што дзякуючы апошнім кантактам адкрылася новае акно магчымасцяў. Мы спадзяемся, што магчымасць, выкарыстаная на гэты раз, не будзе ўпушчаная», – расказаў Эрдаган.