Маштабны збой электрычнасці паралізаваў лонданскае метро
6- 12.05.2025, 21:21
- 3,346

Што вядома.
У Лондане 12 траўня адбыўся збой у энэргасістэме. Аварыя выклікала сур'ёзныя праблемы ў сталічным метрапалітэне: некалькі ліній былі прыпыненыя, а станцыі вымушаныя былі закрыцца.
Пра гэта паведамляе SkyNews.
Як паведаміла транспартная служба Transport for London (TfL), аварыя адбылася ў выніку праблемаў у нацыянальнай электрасетцы.
Інцыдэнт адбыўся прыкладна ў 14:30 паводле мясцовага часу, і адразу некалькі галоўных станцый лонданскага метрапалітэна былі зачыненыя.
Паводле звестак TfL, у выніку аварыі сама меней тры галіны метро былі цалкам спыненыя, яшчэ на шасці адбыліся значныя затрымкі або часткова спынілася праца.
У транспартнай службе дадалі, што некаторыя пасажыры маглі кароткачасова затрымацца ў тунэлях падчас збою.
Спецыялісты патлумачылі, што ў цэнтры Лондана адбыўся «тэхнічны збой» на лініі электраперадачы, які выклікаў прасяданне напружання, што і стала прычынай аварыі. Збой прыбралі цягам некалькіх секундаў, аднак ён выклікаў кароткачасовае спыненне падачы току і нават невялікі пажар, які ўдалося хутка патушыць.
«Праз кароткачасовае адключэнне сілкавання некалькі ліній часова страцілі электразабеспячэнне. Мы працуем над тым, каб як мага хутчэй цалкам аднавіць працу сеткі», – заявіла галоўная аперацыйная дырэктарка TfL Клэр Ман.
Да 17-й некаторыя станцыі метро ўжо зноў адчынілі. Затое фунікулёр над Тэмзай заставаўся зачыненым.