Расею прызналі адказнай за збіццё рэйсу MH17
21- 12.05.2025, 21:38
- 21,878

РФ незаконна ўжыла ўзбраенне супраць пасажырскага самалёта ў ліпені 2014 года на Данбасе.
Рада Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) усклала на Расею адказнасць за збіццё пасажырскага самалёта рэйсу MH17 у ліпені 2014 года на Данбасе. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўраду Нідэрландаў у панядзелак, 12 траўня.
Рада ICAO прыняла пастанову ў спрэчцы, ініцыяванай Нідэрландамі і Аўстраліяй у сакавіку 2022 года супраць Расеі наконт збіцця рэйсу MH17 17 ліпеня 2014 года.
У пастанове таксама гаворыцца, што Расея парушыла Чыкагскую канвенцыю аб міжнароднай цывільнай авіяцыі, паколькі яна незаконна ўжыла сваё ўзбраенне супраць пасажырскага самалёта.
Наступным крокам павінна стаць вызначэнне формы кампенсацыі з боку Расеі. Спачатку ICAO абавязвае РФ пачаць перамовы з Нідэрландамі і Аўстраліяй і спрыяць гэтаму працэсу.
Расея летам 2024 года заявіла пра аднабаковае спыненне ўдзелу ў спрэчцы ў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі.
Нагадаем, у ліпені 2014 года ў небе над часова акупаванай часткай Данецкай вобласці быў збіты пасажырскі Boeing 777 Malaysia Airlines, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце.