«Кагосьці забралі на гутарку, прычым аднаго праз сабаку»
3- 13.05.2025, 9:42
- 10,342

Што адбываецца на мяжы Беларусі з Еўразвязам.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў пачатку траўня паведаміў, што на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу працягваюцца ўзмоцненыя праверкі і затрыманні.
Журналісты bgmedia прачыталі, што на мінулым тыдні і ў пачатку гэтага пісалі карыстальнікі памежных тэлеграм-чатаў аб праверках тэлефонаў і допытах на беларускай мяжы.
Пра тое, як праходзяць допыты, вядома амаль усім, бо беларусы за апошнія гады часта дзяліліся падрабязнасцямі. Пра прычыны допытаў таксама вядома шмат. На мінулым тыдні з'явілася "навінка": у адным з памежных чатаў распавялі, што на "гутарку" могуць адправіць, калі службовы сабака нешта адчуе:
"Вільня-Мінск ,15.00 [7 мая]. А 16.15 прыехалі на мяжу. А16.48 прайшлі літоўцаў, толькі пашпарты. У аўтобусе 23 пасажыры, працавала адно акенца. Потым заехалі ў “дзюціфры" хвілін на 20.
На беларускім баку мяжы правяралі вельмі падрабязна, задавалі пытанні пра грошы, алкаголь, ці не перадаваў нам хто якія пасылкі. Сумкі на рэнтген, самі праз рамку. Выбарачна адкрывалі валізкі. Кагосьці забралі на гутарку, прычым аднаго праз сабаку, які нешта ўчуў. Чакалі людзей з гутаркі, адзін так і не вярнуўся, з'ехалі без яго”.
З “допытаў” вяртаюцца не ўсе людзі, пра іх далейшы лёс нічога невядома:
"Вільня-Менск [5 мая]. Выехалі аб 11.15, у “Каменны лог” заехалі а 12.50, усе торбы на сканер. Некалькі чалавек накіравалі на гутарку, частка з іх вярнулася, частка — не, далей чакаць не сталі, заехалі ў Беларусь а 15.00. У Ашмяны не заязджалі, прыехалі на аўтавакзал Менска а 17.15".
У асноўным у памежных чатах пра “размовы” распавядаюць без падрабязнасцяў, але іх праводзяць кожны дзень:
"РП — РБ, 7 траўня. Мост быў цалкам пусты ў абодва бакі, але на заездзе да беларусаў на кантроль страсянулі. А 21.15 прайшлі мытны, але каля 5 чалавек на гутарку. Без гэтага ўся мяжа заняла 3 гадзіны з гакам".
"РП-РБ, 07.05 выезд з Варшавы. А 01.20 запусцілі на кантроль. А 02.50 прайшлі мост. А 04.45 запусцілі на кантроль. А 05.40 выехалі з мяжы. Надгляд: частка на рэнтген, частка на ручны. Некалькі чалавек яшчэ забіралі на размову".
"РП — РБ. А 21 35 [8 мая] заехалі да палякаў, прайшлі іх кантроль а 22.05 (час Польскі) хутка. Узрадавацца. Але не тут-то было. Пад'ехалі да мяжы РБ, стаім 17-мі на ўезд. Кіроўцы сказалі, што да раніцы затрымаліся. А 03.15 па польскім часе прайшлі кантроль РБ і паехалі. На ўсё амаль 6 гадзін. З аўтобуса на допыт вадзілі ўкраінцаў і 2 беларусаў. Быў пільны дагляд кожнага багажу".
"РП-РБ [8 траўня]. А 22.20 заехалі да беларусаў і за гадзіну прайшлі пашпартны і мытны. Доўга чакалі, пакуль праскануюць аўтобус. У нас толькі адну дзяўчыну адводзілі на размову. Яна вярнулася хутчэй, чым за намі пад'ехаў аўтобус”.
"РП-РБ [9 траўня]. А 03.10 прайшлі пашпартны кантроль у палякаў. А 05.30 заехалі да беларусаў на кантроль. А 07.20 выехалі. Чакалі людзей з размовы. Глядзелі выбарачна: у кагосьці рэнтген, у кагосьці торбы цалкам”.
"Вільня-Менск, 9 траўня. А 23.30 выезд з аэрапорта. А 23.58 літоўскі ПП. А 00.40 беларускі ПП. Доўга чакалі чалавека з гутаркі. А 02.58 ўезд у РБ".
"Вільня-Мінск, 10.05. На мяжу ЛТ прыехалі а 16.50, а17.30 прайшлі мяжу ЛТ, а 18.30 зайшлі на пашпартны кантроль РБ, а 19.55 выехалі (доўга стаялі, была гутарка з адным з пасажыраў)”.
"Вільня-Менск, 10.05.2025. А 13.00 амаль пусты аўтобус адправіўся ад аўтавакзала Вільні. А 14.56 пайшлі на пашпартны і мытны кантроль РБ. А 15.15 прайшлі. Перайшлі ў рэжым чакання пасажыраў, якія сышлі на гутарку. А 17.20 выехалі. На аўтавакзал Менска прыбылі а 19.11".
"Аўтобус Варшава-Берасце [10 траўня]. А 16.07 прайшлі мост. Сталі ў чаргу на беларускі пашпартны кантроль. А 17.39 падалі аўтобус на загрузку. Аўтобус чакалі даўжэй, чым людзей з “гутарак". А 17.54 выехалі з памежнага пераходу”.
"РП-РБ [12 траўня]. А 04.50 заехалі да нашых. А 08.20 прайшлі пашпартны кантроль, чакаем з гутаркі. А 10.40 выехалі. Разам: 10,5 гадзіны".
"РП-РБ, 12.05.2025. А 12.05 заехалі ў беларускі двор. А 12.45 прайшлі мытню, чакаем аўтобус з рэнтгена і людзей з гутаркі. А 13.35 выязджаем з мяжы”.
"Вільня-Менск [12 траўня]. А 13.20 прайшлі сканер. Але 2 людзей выклікалі на размову, з'ехалі толькі а 14.15. Пакуль чакалі, аўтобус пасля нас ужо праверылі".
"Варшава-Менск, 12.05. А 07.00 адпраўленне, а 10.10 проста да шлагбаума, а 14.40 выехалі ад беларусаў. [Аўтобус "Экалайнс"] з'ехаў даслоўна перад намі, нас затрымалі, былі людзі на гутарцы”.