The Telegraph: Трамп можа «прыціснуць» расейскую вытворчасць зброі
3- 13.05.2025, 10:00
- 5,662

Перакрыцце апошняй крыніцы танталу ў РФ павінна быць прыярытэтам для сяброў Украіны.
Міжнародныя санкцыі супраць РФ, пазбавілі прамысловасць краіны-агрэсаркі важных матэрыялаў, якія патрэбныя для вытворчасці найлепшай яе зброі. Сярод іх апынуўся і тантал - рэдкі мінерал, які выкарыстоўваецца ў многіх высокатэхналагічных галінах для вырабу кандэнсатараў. Аднак экстрэмальная і хаатычная палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа можа пазбавіць расейскую вайсковую галіну ад танталавага голаду, піша вайсковы аналітык Дэвід Акс у артыкуле для The Telegraph.
Найлепшыя расейскія крылатыя і балістычныя ракеты, дроны і танкі абсталяваныя працэсарамі, навігацыйнымі сістэмамі або радыёстанцыямі з танталовымі кандэнсатарамі. Але большая частка танталу паступае з-за мяжы. Аднак санкцыі, уведзеныя ЗША і іншымі краінамі, скарацілі яго пастаўкі. Асноўнымі пастаўшчыкамі гэтага мінералу для расейцаў цяпер застаюцца Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Бразілія і Кітай.
"Хоць Расея мае ўласныя паклады танталу, яны значна меншыя. Расеі не стае сучасных перапрацоўчых магутнасцяў для вытворчасці высакаякаснага танталавага парашка, неабходнага для кандэнсатараў”, - цытуе Акс украінскую аналітычную групу Frontelligence Insight.
У Frontelligence перакананыя, што санкцыі супраць РФ напраўду працуюць. Аднак, ці вытрымае санкцыйны рэжым хаатычную і аўтарытарную Адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа?
Расейцы спрабуюць вырабляць дастатковую колькасць новых узбраенняў для падтрымкі вайны супраць Украіны. Аднак дастатковай колькасці сучаснай бранятэхнікі яны не маюць. Пазначана, што падчас баявых дзеянняў ва Украіне акупанты страцілі 15 тысяч адзінак такой бранятэхнікі. Расейскія вайскоўцы спачатку пачалі выкарыстоўваць старую тэхніку часоў Халоднай вайны. Але і гэтыя запасы вычэрпваюцца.
Усё часцей расейскія войскі атакуюць украінскія пазіцыі на цывільных аўтамабілях, мікрааўтобусах і гольф-карах або пешшу. Пераход на небраняваны транспарт і тактыку “пяхота ў першую чаргу” прывёў да таго, што сярэднедзённыя страты выраслі да новых максімумаў. Нярэдкія выпадкі, калі 2 тысячы расейцаў паміраюць або атрымліваюць раненні за адзін дзень.
У той жа час расейцы страчваюць кантроль над паветрам у крытычна важных сектарах, паколькі ўкраінскія беспілотнікі апярэджваюць і пераўзыходзяць у колькасці расейскія дроны акупантаў.
"Вораг дасягнуў дастатковага маштабу і разнастайнасці сваіх беспілотнікаў і адтачыў сваю тактыку іх выкарыстання”, - працытаваў Акс аднаго з расейскіх блогераў.
Дэфіцыт танталу з'яўляецца адным з чыннікаў скарачэння расейскай вытворчасці ўзбраенняў. Раней расейскія заводы імпартавалі апрацаваны афрыканскі, кітайскі і паўднёваамерыканскі тантал з аднаго буйнога прадпрыемства ў Казахстане. Але Казахстан далучыўся да рэжыму санкцый, што перакрыла паток перапрацаванага мінеральнага парашка. Расейцы спрабавалі купляць больш апрацаванага танталу ў Кітаі, але яго якасць была нізкай.
Са звестак Frontelligence, расейская прамысловасць мае патрэбу ў 1700 фунтаў (больш за 770 кг - рэд.) высакаякаснага апрацаванага танталу на ў месяц. Каб выканаць існыя кантракты на новае ўзбраенне на працягу найбліжэйшых месяцаў, расейскія заводы маюць патрэбу ў больш як 4,5 тоны мінералу. Аднак бягучыя запасы складаюць крыху больш за дзве тоны. Паводле ацэнкі Frontelligence, "няма неадкладных пастаноў для закупкі" астатніх двух тон.
Каб папоўніць прабел, расейская прамысловасць магла б купляць больш танталавых кампанентаў” падвойнага прызначэння " - тых, што прызначаныя для камерцыйнай прадукцыі, але прыдатныя і для ўзбраення. Аднак перададзеныя ад пасярэдніка да пасярэдніка і, нарэшце, адпраўленыя ў Расею з краін, якія не ўвялі санкцыі, кампаненты падвойнага прызначэння паступаюць павольна. Да таго ж яны даражэйшыя, чым хацелі б расейскія пакупнікі. Але нягледзячы на гэта яны ўсё ж паступаюць.
Перакрыцце гэтай апошняй крыніцы танталу павінна быць прыярытэтам для ворагаў Расеі і сяброў Украіны.
"Кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю або гандлем танталавым парашком або кандэнсатарамі... павінны сутыкнуцца з перспектывай страты доступу да заходніх рынкаў у выпадку выяўлення гандлю з Расеяй», - цытуе Акс Frontelligence.
Аднак не менш верагодна, што санкцыі будуць аслабленыя, паколькі новая адміністрацыя Трампа ўкараняе экстрэмальны і часам мудрагелісты парадак дня. Адным з першых дзеянняў новага кіраўніка Белага дома было спыненне ўсёй замежнай дапамогі, уключаючы падтрымку Украіны. У наступныя дні Трамп засяродзіў значную частку сваёй энэргіі на пагрозах дацкім лідарам у незразумелай спробе анэксаваць Грэнландыю як тэрыторыю ЗША.
Без амерыканскай падтрымкі, адзначае аналітык, амаль няма шанцаў на ўвядзенне больш жорсткага рэжыму санкцый, які мог бы нарэшце спыніць выцек танталу ў Расею. Нічога не робячы, што яшчэ горш, саслабляючы існыя санкцыі - урад ЗША, які калісьці быў самым вялікім ворагам расейскай вайсковай прамысловасці, мог бы выратаваць гэтую галіну ад танталавага голаду.