У Менску перанеслі тэрміны адключэння гарачай вады
5- 13.05.2025, 10:32
- 1,858

Праз халоднае надвор'е.
Планавае адключэнне гарачай вады ў сталіцы для правядзення выпрабаванняў і рамонту цеплавых сетак перанеслі. Як паведамілі ў «Мінскэнэрга», гэта звязана з уключэннем ацяплення на аб'ектах сацыяльнай сферы.
Пастанову аб паўторным уключэнні ацяплення ў школах, дзіцячых садках, лякарнях, бібліятэках і інтэрнатах Мінгарвыканкам прыняў 8 траўня праз пагаршэнне ўмоў надвор'я.
Як адзначылі ў «Мінскэнэрга», пастанова аб пераносе тэрмінаў адключэння гарачай вады дазволіць «захаваць утульнасць у дамах, асабліва ў такіх неўласцівых для сярэдзіны траўня варунках».
Раней у сталіцы планавалася пачаць адключэнне гарачай вады з 14 траўня. Новыя тэрміны гарадскія ўлады зацвердзяць пасля заканчэння ацяпляльнага сезона.