Падораны Трампу самалёт давядзецца «разабраць да апошняй шрубкі»
16- 13.05.2025, 11:11
- 10,346

Катарскі Boeing 747-8 можа несці пагрозу для бяспекі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выклікаў хвалю абмеркаванняў, заявіўшы пра намер выкарыстоўваць у якасці «Борта нумар адзін» (Air Force One) раскошны самалёт Boeing 747-8, падораны Катарам. Аднак цяперашнія і былыя чыноўнікі Пентагона, ВПС і Сакрэтнай службы папярэджваюць: самалёт нясе патэнцыйную пагрозу для нацыянальнай бяспекі, гаворыцца ў артыкуле The Washington Post (пераклад — сайт Charter97.org).
«Вы б былі дурнем, калі б адмовіліся», - заявіў Трамп, дадаўшы, што разглядае падарунак як «цудоўны жэст» з боку Катара. Паводле ягоных слоў, ён збіраецца выкарыстоўваць самалёт «пару гадоў», пакуль Boeing не закончыцьс пабудову новых афіцыйных лайнераў прэзідэнта ЗША.
Самалёт ужо пяць тыдняў знаходзіцца ў міжнародным аэрапорце Сан-Антоніа, дзе, са звестак FlightRadar24, маглі ўжо пачацца падрыхтоўчыя працы яго пераабсталявання. Аднак мадэрнізацыя паветранага судна да стандартаў Air Force One зойме гады і абыдзецца на мільярды даляраў.
"Давядзецца разабраць яго да апошняй шрубкі і сабраць зноўку”, — заявіў былы агент сакрэтнай службы ЗША Мак Плічык.
Галоўныя асцярогі звязаныя з пагрозамі праслухоўвання і кібератакі, асабліва ўлічваючы, што самалёт раней выкарыстоўваўся каралеўскай сям'ёй Катара.
Трамп падкрэсліў, што цяперашні Air Force One «састарэў» і не ідзе ні ў якое параўнанне з новым лайнерам. Ён таксама заявіў, што пасля заканчэння свайго прэзідэнцкага тэрміну самалёт будзе перададзены на баланс яго Прэзідэнцкай бібліятэкі.
Аднак нават саюзнікі Трампа, такія як сэнатар Ліндсі Грэм, заклікаюць пераканацца, што самалёт у парадку.