У беларускіх школьнікаў з'явіўся яшчэ адзін спосаб трапіць у ВНУ без экзаменаў
10- 13.05.2025, 12:30
- 4,650

Кандыдаты павінны выканаць некалькі ўмоў.
У 2025-м да паступлення ў ВНУ і ліцэі без экзаменаў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк рэкамендаваў амаль 180 школьнікаў, піша БелТА.
Але стаць шчаслівымі прэтэндэнтамі на залічэнне ў выбраныя навучальныя ўстановы не так і проста. Даведаліся, што для гэтага трэба.
Кандыдаты павінны выканаць некалькі ўмоў. Напрыклад, сярэдні бал іх атэстата павінен быць не меншы за восем, каб атрымаць рэкамендацыю на паступленне без экзаменаў у ВНУ і ліцэі.
"Таксама дзіця павінна быць двойчы выпускніком дзённых змен Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. І не менш за адзін раз прайсці навучанне ў сваім адукацыйным кірунку ў дыстанцыйнай форме", - патлумачыла намесніца дырэктара дзіцячага тэхнапарка Таццяна Шыбіцкая.
Паводле ейных слоў, у 2025 годзе запыты на атрыманне рэкамендацый прымаліся з 24 сакавіка да 15 красавіка. Прыйшло 184 заяўкі, 165 з якіх тычыліся паступлення ў сталічныя ВНУ, 7 – у рэгіянальныя. Астатнія запыты былі аб ліцэях.
Пасля пасяджэння назіральнай рады, якое прайшло 6 траўня, запаветныя рэкамендацыі атрымалі амаль усе ахвочыя - 179 чалавек з 184 прайшлі адбор.
З іх 164 школьнікі атрымалі шанец паступіць у сталічныя ВНУ без экзаменаў, 6 – у рэгіянальныя. Астатнія 9 чалавек змогуць паступіць у ліцэі. Для таго каб прайсці адбор, неабавязкова жыць у сталіцы.