Паляўнічы выпадкова падстрэліў барсука з Чырвонай кнігі
15- 13.05.2025, 16:16
- 6,518

Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
У Асіповіцкім раёне начное паляванне скончылася для мясцовага жыхара крымінальнай справай. Мужчына выпадкова падстрэліў барсука, занесенага ў Чырвоную кнігу. Цяпер яго будуць судзіць, паведамляе Следчы камітэт.
Увечары 10 траўня 63-гадовы жыхар Асіповіцкага раёна прыехаў на паляванне ва ўгоддзі Асіповіцкай паляўнічай гаспадаркі. Маючы пры сабе дазвол на здабычу ваўка, лісы, янотападобнага сабакі і шакала, мужчына ноччу адкрыў стральбу па невыразнай і дрэнна адрознай цэлі. Да вялікага яго здзіўлення, здабычай стаў барсук, які занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды і ахоўваецца законам.
"Нягледзячы на тое, што паляўнічы выпадкова здабыў рэдкага барсука, ён не стаў апавяшчаць адказную службовую асобу за ахову паляўнічых угоддзяў. Замест гэтага забраў тушу жывёлы з сабой дадому для раздзелкі. Як раз падчас гэтага незаконнага працэсу яго і заспелі супрацоўнікі абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Інспектары выклікалі следча-аператыўную групу для далейшага разбору", - паведамляе СК.
Следчы правёў агляд месца здарэння і дапытаў падазраванага. Канфіскаваныя наразны паляўнічы карабін з прыцэлам начнога бачання, стрэльбы, патроны, а таксама прадмет, падобны на агнястрэльную зброю, і туша жывёлы. Прызначаны шэраг экспэртных даследаванняў. Экспэрты ацанілі прычыненую навакольнаму асяроддзю шкоду на 12 600 рублёў.
Акрамя таго, на паляўнічага завялі крымінальную справу паводле ч.4 арт. 282 (незаконнае паляванне, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва вялікай суме) Крымінальнага кодэкса. Паводле яе пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам.