У Мексіцы кандыдатку ў мэры застрэлілі на мітынгу ў жывым эфіры
6- 13.05.2025, 18:03
- 7,726

Разам з жанчынай былі забітыя тры чалавекі.
У горадзе Тэксістэпек у мексіканскім штаце Веракрус падчас сустрэчы з выбарнікамі застрэлілі кандыдатку ў мясцовыя мэры Ясенію Лару Гуцьерэс, якая балатавалася ад кіроўнай партыі «Рух нацыянальнага адраджэння» («Марэна»). Разам з жанчынай былі забітыя тры чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненне, паведамляе CNN.
Напад адбыўся вечарам 11 траўня падчас мітынгу Гуцьерэс на вуліцах Тэксістэпека. Яго кадры трансляваліся ў Facebook.
Кандыдатка ў мэры ішла ў асяроддзі дзясяткаў прыхільнікаў са сцягамі з партыйнай сімволікай. Жанчына падыходзіла да гараджанаў і вітала іх. Нечакана раздаліся стрэлы, пачалася паніка, натоўп пачаў разбягацца, і прамы эфір абарваўся. Мяркуючы з кадраў, прагучала блізу 20 стрэлаў цягам прыкладна дзесяці секундаў.
Прэзідэнтка Мексікі Клаўдыя Шэйнбаўм заявіла, што нападнікі пакуль не вызначаныя і ў следства няма інфармацыі пра матывы злачынства. Урад прапанаваў федэральную падтрымку адміністрацыі штата Веракрус, дзе муніцыпальныя выбары павінны прайсці 1 чэрвеня, паведамляе CNN.
Як адзначае выданне, напады на палітычных кандыдатаў з'яўляюцца звычайнай з'явай падчас выбарчых цыклаў у Мексіцы. У траўні 2024 года кандыдат у муніцыпальныя мэры быў забіты падчас перадвыбарнай кампаніі ў паўднёвым штаце Герэра. Напад тады таксама патрапіў на відэа.
Праз некалькі дзён кіраўніцу горада Коціха ў штаце Мічаакан застрэлілі, калі яна вярталася з целаахоўнікам са спартзалы дадому.
Паводле звестак мексіканскай праваабарончай арганізацыі Data Cívica, летась у краіне зарэгістравалі рэкордную колькасць ахвяраў палітычнага гвалту. Многія ахвяры альбо займалі, альбо балатаваліся на муніцыпальныя пасады.