У Беларусі «электрыку» далі 13 гадоў турмы за вымагальніцтва біткойнаў
4- 13.05.2025, 18:12
- 4,600

Злачынства адбылося ў жніўні 2024 года.
Суд у Беларусі прысудзіў 13 гадоў пазбаўлення волі жыхару Гародні паводле справы аб разбойным нападзе і вымагальніцтве крыптавалюты больш як на 1 млрд беларускіх рублёў. Як паведамілі ў пракуратуры Беларусі, мужчына з суўдзельнікам пад выглядам электрыкаў праніклі ў кватэру да менчука і патрабавалі перавесці ім біткойны, спрабуючы і пагражаючы забіць.
Злачынства адбылося ў жніўні 2024 года. Падчас расследаванняў было вызначана, што зламыснікі пагражалі жыхару Менска пнеўматычным пісталетам, падобным на пісталет Макарава, з макетам глушыцеля. «Электрыкі» таксама надзелі на пацярпелага кайданкі, катавалі электрашокерам і патрабавалі перавесці на іх віртуальны кашалёк 5750 біткойнаў, расказаў намеснік кіраўніка галоўнай управы Генеральнай пракуратуры Беларусі Кірыл Чубкавец.
Мянчук не паддаўся на пагрозы і не перавёў вымагальнікам крыптавалюту. Тады яны звязалі яго і далі 24 гадзіны на выкананне патрабаванняў. Паводле словаў Чубкаўца, аднаго са злачынцаў удалося злавіць, а другі паспеў пакінуць краіну.
Суд прызнаў гарадзенца вінаватым і прызначыў яму 13 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама асуджанаму быў прызначаны штраф памерам 500 базавых велічыняў (блізу 21 тыс. беларускіх рублёў), расказаў Чубкавец. Ён дадаў, што прысуд пакуль не пачаў законнае дзеянне і можа быць абскарджаны ў вызначаным парадку.