Прэм'ер Грузіі напісаў ліст Трампу і Вэнсу
22- 13.05.2025, 18:14
- 10,428

Іраклій Кабахідзэ абвінаваціў іх у маўчанні.
Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ апублікаваў у сацыяльнай сетцы Facebook адкрыты ліст, адрасаваны прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і віцэ-прэзідэнту Джэй Ды Вэнсу. У пісьмовым звароце ён выказаў незадаволенасць маўчаннем адміністрацыі Трампа ў адказ на «гатоўнасць Грузіі аднавіць стратэгічнае партнёрства з ЗША з чыстага аркуша і з канкрэтнай мапай дзеянняў».
Паводле словаў Кабахідзэ, Грузія ўважае сябе за надзейную партнёрку ЗША. Так, адзначае прэм'ер, краіна зэканоміла ЗША $2,5 млрд у Іраку і Афганістане, адправіўшы туды самы вялікі кантынгент у разліку на душу насельніцтва. Акрамя таго, Кабахідзэ падкрэсліў прыхільнасць Грузіі да дэмакратыі і захавання правоў чалавека.
«Беручы да ўвагі ўсё гэта і на фоне таго, што вы ведзяце актыўны дыялог і камунікацыю з шэрагам дзяржаваў, у тым ліку адкрыта недэмакратычных і аўтарытарных, ваша маўчанне датычна Грузіі для нас не мае лагічнага тлумачэння», – дадаў ён.
Кіраўнік ураду падкрэсліў, што па-ранейшаму дзейнічаюць «неабгрунтаваныя санкцыі ў дачыненні да віцэ-прэм'ера і іншых прадстаўнікоў уладаў Грузіі, якія эфектыўна прадухілілі спробу гвалтоўнай змены ўлады, арганізаваную адміністрацыяй Байдэна, і прафінансаваную паводле лініі USAID спробу рэвалюцыі і гвалту».