15 траўня 2025, Чацвер, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ атрымаў звесткі пра рост уразлівасці расейскай эканомікі

5
ЕЗ атрымаў звесткі пра рост уразлівасці расейскай эканомікі

Санкцыі працуюць.

Расейская эканоміка становіцца ўсё больш уразлівай ва ўмовах зацяжной вайны і дзеянняў заходніх санкцый. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Стакгольмскага інстытута пераходнай эканомікі (SITE), падрыхтаваным спецыяльна для сустрэчы міністраў фінансаў краін Еўразвязу, піша The Moscow Times.

Аўтары дакладу адзначаюць: нягледзячы на ўяўную стабільнасць, эканоміка Расеі ўсё мацней пакутуе ад унутраных дысбалансаў і структурных скрыўленняў. У кароткатэрміновай перспектыве яе ўтрымлівае на плаве маштабнае бюджэтнае стымуляванне, звязанае з пераходам краіны на “ваенныя рэйкі”. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве такая мадэль становіцца ўсё менш жыццяздольнай праз скарачэннн фінансавых рэзерваў і непразрысты механізм фінансавання, які скрыўляе размеркаванне рэсурсаў. "Крэмль сцвярджае, што час працуе на яго, аднак напраўду сітуацыя адваротная”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года ЕЗ увёў 16 пакетаў санкцый, якія ўдарылі па ключавых крыніцах даходаў Расеі — экспарту нафты, газу і вугалю. Санкцыі таксама наклалі ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Японія і іншыя заходнія краіны. На фоне гэтых абмежаванняў Масква спрабуе дэманстраваць устойлівасць: паводле афіцыйных звестак, у 2023 годзе ВУП краіны вырас на 3,6%, а ў 2024-м — на 4,3%.

Аднак, як заявіў эканаміст SITE Торбьёрн Бэкер, які прадставіў даклад Еўрапейскім міністрам, дакладнасць гэтых лічбаў выклікае сур'ёзныя сумневы. Паводле ягоных слоў, расейскія ўлады заніжаюць узровень інфляцыі, што дазваляе ім штучна завышаць паказчыкі рэальнага росту ВУП.

"Яны сцвярджаюць, што інфляцыя трымаецца на ўзроўні 9-10%, але тады незразумела, чаму Цэнтрабанк усталёўвае ключавую стаўку на 21%. Ніводзін нармальны Цэнтрабанк не працуе з розніцай больш чым на 11 адсоткавых пунктаў. Калі б так паступіў кожны з нашых цэнтральных банкаў, яго кіраўнік адразу б страціў пасаду”, — заявіў Бэкер. Ён падкрэсліў, што такая высокая стаўка, хутчэй за ўсё, паказвае рэальны ўзровень інфляцыі, а не той, што публікуецца афіцыйна.

Акрамя таго, са слоў Бэкера, Расея сутыкаецца з узмацняльнымі бюджэтнымі абмежаваннямі: даходы ад экспарту нафты і газу зніжаюцца, а вайсковыя выдаткі прадаўжаюць расці. Нягледзячы на гэта, афіцыйная статыстыка фіксуе дэфіцыт бюджэту на ўзроўні ўсяго 2% ВУП. Аднак эканаміст SITE разглядае гэтыя звесткі як заніжаныя, паколькі значная частка ваенных выдаткаў можа ісці ў абыход афіцыйнага бюджэту — праз банкаўскую сістэму.

Калі ўлічваць схаваныя механізмы фінансавання, рэальны дэфіцыт можа дасягаць прыкладна 4% ВУП, кажа Бэкер. Такая сітуацыя, паводле ягоных слоў, вядзе да росту рызык у банкаўскай сістэме, а імклівае павелічэнне аб'ёмаў крэдытавання, пра які паведамлялі банкі, можа казаць пра надыход крызісу.

Высновы SITE падтрымаў еўракамісар у эканоміцы Валдзіс Дамброўскіс. Паводле ягоных слоў, Еўрапейская камісія падзяляе асцярогі наконт дакладнасці Расейскай статыстыкі і прызнае рост уразлівасці эканомікі РФ. Ён адзначыў, што такія ацэнкі толькі падкрэсліваюць неабходнасць захоўваць міжнародны ціск на Крэмль, каб абмежаваць яго здольнасць працягваць агрэсію супраць Украіны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках