Новыя санкцыі ЕЗ удараць па «ценявым флоце» Расеі
2- 14.05.2025, 14:04
- 3,112

У «чорным спісе» - 200 танкераў.
Еўрапейскі Звяз узгадніў новы, 17-ы пакет санкцый супраць Расеі. Сярод ключавых захадаў - уключэнне ў Чорны спіс блізу 200 танкераў, якія выкарыстоўваюцца для абыходу абмежаванняў на экспарт расейскай нафты, а таксама санкцыі супраць кіберзлачынцаў, парушальнікаў правоў чалавека і арганізатараў дыверсій на тэрыторыі Еўропы, піша France24.
Пра пастанову паведаміў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры Еўрапейскім Звязе Агнешка Бартол. Дзве краіны павінны яшчэ ўзгадніць дэталі з нацыянальнымі парламентамі, але ўхваленне пакета ўжо фактычна дасягнутае.
Санкцыі таксама закрануць кампаніі з В'етнама, Сербіі і Турцыі, якія абвінавачваюцца ў пастаўках тавараў для патрэб расейскага войска. Чакаецца пашырэнне спісу расейскіх чыноўнікаў і структур, якія падпадаюць пад візавыя забароны і замарозку актываў — да ўжо існых 2400 суб'ектаў дададуцца дзясяткі новых.
ЕЗ адначасова ўзмацняе ціск на Маскву, патрабуючы згоды на 30-дзённае замірэнне, падтрыманае Злучанымі Штатамі. Як заявіў міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро, Захад павінен «задушыць эканоміку Расеі санкцыямі» і прымусіць Крэмль сесці за стол перамоў. Заходнія экспэрты паказваюць, што цяпер найбольш спрыяльны момант для ўзмацнення ціску на Крэмль.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц у аўторак таксама перасцярог Расею ад адмовы ад міру, заявіўшы, што ў выпадку адсутнасці прагрэсу ў перамовах ужо на гэтым тыдні, рушаць новыя санкцыі. Ён заклікаў Пуціна сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім у Стамбуле ў чацвер.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што можа асабіста прысутнічаць на перамовах у Турцыі — пры ўмове, што Пуцін і Зяленскі пагодзяцца на асабістую сустрэчу. Аднак з Крамля пакуль не паступіла ні пацвярджэння, ні адмовы.