Вайсковы аналітык: УСУ наносяць паспяховыя кантрудары ў Курскай вобласці РФ
- 14.05.2025, 16:39
- 3,492

Украінскія вайскоўцы працягваюць выкананне задач на тэрыторыі расейскага рэгіёна.
Расейскае камандаванне працягвае дакладваць дыктатару Крамля Уладзіміру Пуціну аб тым, што Курская вобласць РФ «цалкам вызваленая» ад Сіл абароны Украіны. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Украінскія вайскоўцы працягваюць выкананне задач на тэрыторыі расейскага рэгіёна. На гэтым у эфіры тэлеканала FREEДОМ акцэнтаваў ваенны аналітык Аляксей Гецьман.
«Мы нанеслі чарговыя кантрудары па супраціўніку. Мы кантралюем частку Курскай вобласці. Агулам ахарактарызаваць сітуацыю там складана, бо яна дынамічна мяняецца. Вораг адцягнуў з Куршчыны частку сваіх войск і перакінуў на Харкаўскі накірунак», - апісаў сітуацыю спікер.
З яго слоў, раней у Курскай вобласці было засяроджана блізу 90 тысяч расейскіх вайскоўцаў, цяпер асабовага складу супраціўніка там менш.
«Думаю, што неўзабаве расейцы на фоне нашых паспяховых дзеянняў у Курскай, Белгародскай і Бранскай абласцях пачнуць зноў перамяшчаць свае войскі ўздоўж лініі фронту. То бок, дзесьці ціск на ўкраінскіх вайскоўцаў можа аслабнуць, а дзесьці, наадварот, узмацніцца. Вельмі важны момант, што на фронт не дабаўляюцца войскі за кошт нейкага рэзерву ўнутры Расейскай Федэрацыі. Цяпер для перамяшчэння сваіх войск уздоўж Усходняга фронту акупанты актыўна выкарыстоўваюць чыгункі», - падсумаваў Гецьман.