Работніца банка ў Гародні прыдумала прыбытковую схему з абменам валюты
5- 14.05.2025, 16:54
- 7,630

Цяпер ёй пагражае ад трох да 12 гадоў калоніі.
Работніца гарадзенскага аддзялення банка займалася «двайным» абменам валюты. Яна мяняла кліентам грошы, потым іх жа праводзіла больш выгадным курсам, а розніцу клала ў кішэню. Рабіла гэта дзеля «прыгожага жыцця», паведамляе «Зеркало» са спасылкай на СК.
Прыбытковую для сябе схему прыдумала 26-гадовая спецыялістка ў наданні раздробных банкаўскіх паслуг. У яе абавязкі ўваходзілі, у тым ліку, абмен валюты і выплата крэдытаў кліентамі банка.
«Падазроную дзейнасць дзяўчыны заўважыла яе кіраўніцтва. Прагляд анлайн-запісаў дазволіў пераканацца ў тым, што цягам змены яна не заўсёды праводзіла аперацыі па куплі і продажы валюты «, - распавялі ў СК.
З Менска ў Гародню адправіўся банкаўскі спецыяліст для раптоўнай праверкі з пералікам гатоўкі, паралельна інфармацыю перадалі ў міліцыю. Высветлілася, што пры абмене валюты супрацоўніца аддавала гатоўку і чэк «з адзінай базы чэкаў па краіне», але атрыманыя грошы адразу ў касу не ўносіла.
Няўлічаныя сродкі яна праводзіла пазней ужо іншым курсам, які мог мяняцца цягам дня. Атрыманыя лішкі грошай перакладала сабе на рахунак.
«Следствам устаноўлена, што за перыяд часу з красавіка 2023 года да кастрычніка 2024 года агульная сума, якой завалодала 26-гадовая жыхарка Гародні, склала больш за 43 тысячы рублёў», — паведамілі ў СК.
Абвінавачаная расказала следчаму, што рабіла так, бо ёй хацелася жыць «прыгожа» і ні ў чым сабе не адмаўляць. Грошы яна марнавала на прадукты і забаўкі: хадзіла ў кавярні, рэстарацыі, кінатэатры, заказвала дастаўку ежы на дом. Пры гэтым нікому са знаёмых і сямейнікаў аб гэтых фактах не паведамляла.
Шкода паводле крымінальнай справы была кампенсаваная дзяўчынай цалкам. Беларусцы выстаўленае абвінавачанне ў прысваенні маёмасці ў асабліва значнай суме (ч.4 арт.211 КК). Ёй пагражае ад трох да 12 год калоніі.
Акрамя таго, следчы вынес прадстаўленне кіраўніцтву банка - паказана на ўзмацненне кантролю за працай спецыялістаў, у тым ліку з выкарыстаннем відэаназірання. Паведамляецца, што яшчэ падчас следства банк дапрацаваў праграмнае забеспячэнне - зараз спецыяліст можа раздрукаваць паўторна выключна чэк па апошняй праведзенай ім аперацыі. Раней кожны спецыяліст мог раздрукаваць паўторна чэк па ўсякай аперацыі з усіх абменных пунктаў банка.