У Гішпаніі затрыманы экс-намеснік сакратара РНБА Украіны
8- 14.05.2025, 18:22
- 9,814

Разглядаецца пытанне аб яго экстрадыцыі.
На тэрыторыі Гішпаніі затрымалі былога першага намесніка сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА). Пра гэта ў сераду, 14 траўня, паведамілі Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) і Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ).
Імя фігуранта афіцыйна не раскрываецца, аднак украінскія СМІ, прынамсі, выданні «Украінская праўда» і «Суспільне», са спасылкай на крыніцы пішуць, што гаворка ідзе пра Алега Гладкоўскага (Свінарчука), які займаў пасаду ў РНБА з 2015 па 2019 год.
Гладкоўскі, якога называюць адным з галоўных бізнэс-партнёраў пятага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, быў у вышуку з красавіка 2024 года, на радзіме яго абвінавачваюць у прычыненні дзяржаве шкоды на суму, большую за 17 млн грыўняў. Цяпер разглядаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ва Украіну.
Паводле версіі следства, экс-чыноўнік РНБА ў 2017 годзе ў змове з выканаўцам абавязкаў дырэктара аднаго з дэпартаментаў Мінабароны і былым намеснікам міністра абароны арганізаваў закуп грузавых аўтамабіляў падвышанай праходнасці МАЗ 6317 у рамках дзяржзаказу незаконна завышанымі коштамі. Сума шкоды, прычыненай пры гэтым дзяржаве, ацэньваецца на 17, 44 мільёна грыўняў.
У прэс-рэлізе аб ягоным затрыманні сказана, што ён «выкарыстаў прадстаўленую яму ўладу і службовае становішча насуперак інтарэсам службы з мэтай атрымання неправамернай выгады» структурай, у якой ён і яго блізкія асобы маюць долю ўласнасці (ПАТ «Аўтамабільная кампанія «Багдан Мотарс»). Аўтамабілі закупляліся ў прадпрыемства «Аўтазборачны завод №2», якое ўваходзіць у склад «Багдан Мотарс». Гладкоўскі кіраваў карпарацыяй «Багдан», доля ў якой была ў Парашэнкі, нагадвае «Украінская праўда».
Абвінаваўчы акт у дачыненні да Гладкоўскага быў накіраваны ў суд яшчэ ў ліпені 2021 года. У красавіку 2024 года НАБУ абвясціла яго ў вышук, а ў траўні таго ж года Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны завочна абраў Гладкоўскаму меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.