15 траўня 2025, Чацвер, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі напісалі кулінарна-містычную кнігу

1
Беларускі напісалі кулінарна-містычную кнігу

Прататыпамі галоўных герояў паслужылі рэальныя асобы.

У менскім салоне «Мастацкі дом Угрыновіч» адбылася прэзентацыя кнігі «Пачастунак для цмока» ад беларускіх аўтараў Алены Масла і Ларысы Мятлеўскай, піша «Точка».

Працу называюць сапраўдным кулінарна-містычным падарожжам па гісторыі Беларусі і прапануюць шырокаму колу чытачоў.

Аўтары адзначылі, што твор разлічаны на дзіцячую аўдыторыю, аднак карысную інфармацыю тут знойдуць і дарослыя.

У кнізе шмат цікавых фактаў з гісторыі і культуры Беларусі - гэта старажытныя сакрэты вядзення гаспадаркі, рэцэпты старабеларускай кухні, самабытныя і каларытныя слоўцы і нават старажытныя легенды.

Акрамя таго, прататыпамі дзейных персанажаў паслужылі рэальныя культурныя дзеячы краіны.

Так, правобразамі герояў сталі гісторык Адам Мальдзіс, этнограф і тэлевядоўца Ларыса Мятлеўская, вядучая навуковая супрацоўніца музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец, а таксама гісторык і экскурсавод Яраш Малішэўскі.

Пра што сюжэт?

Дзеянні казкі адбываюцца ў сучасным Менску. Два повары з палаца князя Радзівіла цудоўным чынам трапляюць у сталіцу нашага часу.

Каб вярнуцца дадому, ім трэба выканаць няпростую задачу: прыгатаваць 12 страў старажытнай беларускай кухні, рэцэпты якой ёсць у кнізе. Ну і куды без перамогі над цмокам.

Дапамогуць у гэтым новыя сябры: прафесар Мальдзіс, знаўца старабеларускай кухні спадарыня Лора, супрацоўніца музея спадарыня Мышковіч і музыка спадар Яраш.

Хто аўтары кнігі?

Над «Пачастункам для цмока» працавала дзіцячая пісьменніца і сябра рэдкалегіі часопіса «Вясёлка» Алена Масла.

Суаўтаркай стала Ларыса Мятлеўская - этнограф, мастак і тэлевядоўца. Разам са здымачнай групай яна падарожнічае па Беларусі ў пошуках рэцэптаў традыцыйных страў для праграмы «Беларуская кухня».

Ілюстрацыі акварэллю да кнігі стварыла маладая беларуская мастачка Ганна Новік.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках