У Грузіі арыштавалі экс-міністра абароны Акруашвілі, які ваяваў за Украіну
- 14.05.2025, 21:26
- 7,034

У чым яго абвінавачваюць.
У сераду, 14 траўня, Тбіліскі гарадскі суд змяніў былому міністру абароны Грузіі Іраклію Акруашвілі меру стрымання ў выглядзе закладу памерам 20000 лары на арышт.
Пра гэта паведамляе грузінская служба «Радыё Свабода».
Акруашвілі абвінавацілі ў «невыкананні патрабавання Часовай следчай камісіі парламента Грузіі» (артыкул 349 Крымінальнага кодэкса Грузіі, які прадугледжвае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года).
Як зазначаецца ў матэрыяле, экс-міністра выклікалі ў часовую следчую камісію 26 сакавіка для давання тлумачэнняў у сувязі з вайной Грузіі і Расеі 2008 года, аднак ён адмовіўся з'явіцца. Пасля гэтага яго выклікалі ў Тбіліскі гарадскі суд.
5 лютага партыя Грузінская мара стварыла следчую камісію для вывучэння перыяду кіравання Нацыянальнага руху. Як паведамляецца ў матэрыяле, «Грузінская мара» хоча забараніць «калектыўны нацыянальны рух», пад якім маюцца на ўвазе асноўныя апазіцыйныя партыі, што не прызнаюць легітымнасць дзейнага ўраду.
Акруашвілі затрымлівалі ў Грузіі ў 2019 годзе, абвінавачваючы ў арганізацыі пратэстаў супраць кіроўнай партыі. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён прыехаў ва Украіну ваяваць супраць Расеі.
Іраклій Акруашвілі цягам 2004–2006 гадоў займаў пасаду міністра абароны Грузіі. Да гэтага ён быў міністрам унутраных справаў і генеральным пракурорам, а пасля 2006-га ўзначаліў Міністэрства эканамічнага развіцця. Праз год Акруашвілі ўзялі пад варту пасля абвінавачанняў на адрас тагачаснага прэзідэнта Грузіі Міхеіла Саакашвілі – яго абвінавачвалі ў карупцыі, палітык гэта адмаўляў і ўважаў сябе за палітвязня.