Расея зайшла ў нявыкрутку ў распрацоўцы самалёта «Байкал»
10- 4,102

Мільярдны праект закрываюць.
У Расеі закрываюць праект для стварэння новага самалёта "Байкал", які павінен быў замяніць савецкі "кукурузнік" Ан-2. Аб гэтым піша The Moscow Times.
Праца над навінкай зайшла ў нявыкрутку, заявіў упаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Далёкаўсходняй федэральнай акрузе Юрый Трутнеў. Акрамя таго, паводле яго слоў, серыйная вытворчасць "Байкала" больш не плануецца.
“Вы ведаеце, што ў нас вялася праца ў распрацоўцы малога самалёта “Байкал”. Яна на сённяшні дзень зайшла ў нявыкрутку. Гэта значыць самалёта “Байкал” у нас не чакаецца”, - сказаў Трутнеў.
Расейскі чыноўнік адзначыў, што малой авіяцыі ў Расеі "практычна няма" і выходзіць з сітуацыі краіне-агрэсарцы давядзецца "раматарызацыяй самалётаў Ан-2".
Адзначаецца, што праца над "Байкалам" вялася з 2019 года, і займалася гэтым даччыная кампанія Уральскага завода цывільнай авіяцыі "Байкал Інжынірынг". Першапачаткова расейскі Мінпрамгандаль вылучыў на праект 3,5 млрд рублёў, разлічваючы запусціць самалёт у серыйную вытворчасць у 2024 годзе. Чакалася, што адзін борт будзе каштаваць 120 млн рублёў.
Аднак падчас праектавання кошт “Байкала” рэзка ўзрос - да 455 млн рублёў. Пасля заўвагі Пуціна ён чамусьці ўпаў да 280 млн рублёў, а выпуск навінкі адклалі да 2025 года.
У расейскіх СМІ пісалі, што падчас распрацоўкі гэтага самалёта праекціроўшчыкі дапусцілі памылкі, з-за якіх яго “фактычна трэба збіраць нанова”. А распрацоўшчык запатрабаваў на праект яшчэ 10 млрд руб. і пяць гадоў.
“ЛМС-901 “Байкал” збіраліся выкарыстоўваць на мясцовых паветраных лініях. Меркавалася, што самалёт будзе разлічаны на перавозку да дзевяці пасажыраў ці да 2 тон грузу. Крэйсерская хуткасць паветранага судна павінна была складаць да 300 км на гадзіну, а максімальная далёкасць палёту - 3 тыс. км», - сказана ў матэрыяле.