Памятныя манеты Нацбанк зараз будзе чаканіць у Беларусі
3- 15.05.2025, 18:10
- 2,024

Вытворчасць манет пастанавілі перанесці на гомельскае прадпрыемства «Крышталь».
Нацыянальны банк вырашыў наладзіць вытворчасць памятных і інвестыцыйных манет унутры краіны замест таго, каб заказваць іх за мяжой. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Нацбанку Раман Галоўчанка.
Раней большасць такіх беларускіх манет выраблялася ў замежных краінах, аднак цяпер улады хочуць стаць больш незалежнымі і скараціць залежнасць ад імпарту. Таму вытворчасць манет пастанавілі перанесці ў Беларусь, на гомельскае прадпрыемства «Крышталь», якое раней займалася вытворчасцю ювелірных вырабаў.
Раман Галоўчанка адзначыў, што гэтае прадпрыемства мае добры ўзровень тэхналагічнай базы, абсталяванне і спецыялістаў, і пасля некаторага абнаўлення вытворчасці зможа якасна вырабляць манеты.
Галоўчанка таксама дадаў, што цяпер назіраецца высокі попыт на манеты з каштоўных металаў - як памятныя, так і інвестыцыйныя, бо яны ўважаюцца за надзейны актыў. Людзі, маўляў, усё часцей аддаюць перавагу рэальным каштоўным металам, а не безнаяўным металічным рахункам.
Плануецца, што Беларусь зможа выпусціць сваю першую інвестыцыйную манету на ўласных магутнасцях ужо сёлета.
Раней памятныя манеты, напрыклад, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі, вырабляліся ў Казахстане, а звычайныя разліковыя манеты (1, 2, 5 капеек і інш.) - у Літве і Славаччыне.