ЕЗ рыхтуе новыя тарыфы на прадукцыю з Беларусі
8- 15.05.2025, 18:52
- 9,252

Еўразвяз больш не хоча плаціць рэжыму Лукашэнкі.
Падвышэнне на 50 адсоткаў мытаў на шэраг сельскагаспадарчых тавараў з Расеі і Беларусі адобрыў у чацвер, 15 траўня, камітэт Еўрапейскага парламента ў міжнародным гандлі. Гаворка ідзе пра тыя прадукты, якія дагэтуль не абкладаліся ніякімі мытнымі падаткамі, у іх ліку — цукар, воцат, мука і кармы для жывёлы, паведамляе DW.
Еўрадэпутаты таксама падтрымалі ўвядзенне 6,5% тарыфаў на ўгнаенні з Расеі і Беларусі, плюс дадатковыя зборы па 40-45 еўраў за тону цягам 2025-2026 гадоў. Да 2028 года гэтыя тарыфы вырастуць да 430 еўраў за тону.
З такой прапановай выступіла ў канцы студзеня Еўракамісія, а пасля станоўчай пастановы парламенцкага камітэта міжнароднага гандлю законапраект павінен адобрыць пленум Еўрапарламента на пасяджэнні 22 траўня.
ЕЗ больш не хоча плаціць Маскве і Менску
Даходы, якія Расея і Беларусь атрымліваюць ад угнаенняў, у Брусэлі ўважаюць за наўпроставы ўнёсак у вайну супраць Украіны. «Пастанова аб паступовым падвышэнні мытных падаткаў на прадукцыю з Расеі і Беларусі дапаможа прадухіліць выкарыстанне Расеяй рынку ЕЗ для фінансавання сваёй вайсковай машыны», - адзначыла сталая дакладчыца Еўрапарламента па Расеі Інэсэ Вайдэрэ.
Яна ўважае за непрымальны той факт, што больш чым праз тры гады пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Еўразвяз усё яшчэ закупляе ў гэтай краіне крытычна важныя тавары ў вялікіх аб'ёмах. «Фактычна, гэты імпарт значна павялічыўся», - заявіла еўрадэпутатка.
Аб'ём імпарту ў ЕЗ мачавіны і азотных угнаенняў з Расеі, і без таго вялікі ў 2023 годзе, істотна вырас у 2024 годзе. Еўракамісія называе гэтую сітуацыю эканамічнай залежнасцю ад РФ і думае, што без належнага ўмяшання яна можа прычыніць шкоду харчовай бяспецы Еўразвязу і, асабліва ў выпадку з угнаеннямі, зрабіць ЕЗ уразлівым для магчымага ціску з боку Расеі.
Мэта: знізіць залежнасць ЕЗ ад паставак з РФ і РБ
Еўразвяз імкнецца знізіць залежнасць ад паставак з Расеі і Беларусі і разлічвае, што новыя захады значна скароцяць аб'ём увозу ў ЕЗ названых вышэй тавараў, якія паходзяць або экспартуюцца непасрэдна або ўскосна з гэтых дзвюх краін.
Гэта павінна прывесці да далейшай дыверсіфікацыі вытворчасці ўгнаенняў у Еўразвязе — сектара, які цяпер пакутуе ад нізкіх коштаў імпартных тавараў, сказана ў прэс-рэлізе Еўрапарламента. Закон таксама дазволіць павялічыць вытворчасць угнаенняў у Еўразвязе, якая пацярпела ад таннага расейскага імпарту, і дасць фермерам час на адаптацыю.
Законапраект таксама даручае Еўрапейскай камісіі адсочваць і ўжываць захады для змякчэння росту коштаў, які можа прычыніць шкоду ўнутранаму рынку і сельскагаспадарчаму сектару ЕЗ.