Зяленскі, Макрон, Мэрц, Стармер і Туск правялі тэлефонную размову з Трампам
4- 16.05.2025, 17:49
- 3,966

Галоўнай тэмай абмеркавання былі перамовы паміж Украінай і Расеяй.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, кіраўнік Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер і прэм’ер Польшчы Дональд Туск правялі тэлефонную размову з Дональдам Трампам. Галоўнай тэмай абмеркавання былі перамовы паміж Украінай і Расеяй, якія праходзяць у Стамбуле.
Пра гэта паведаміў OBOZ.UA прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў. З яго слоў, дэталі - пазней.
Пасля ў Офісе прэзідэнта адзначылі, што падчас размовы лідары абмеркавалі сустрэчу ў Стамбуле і магчымыя сцэнары яе развіцця. Украіна пацвердзіла гатоўнасць да максімальна хуткіх і рэальных крокаў для дасягнення міру.
«Украіна гатова да максімальна хуткіх крокаў дзеля рэальнага міру, і важна, каб свет прытрымліваўся моцных пазіцый. Нашая пазіцыя: калі расейцы адмаўляюцца ад поўнага і безумоўнага спынення агню і забойстваў, павінны быць моцныя санкцыі. Ціск на Расею павінен захоўвацца, пакуль яна не будзе гатовая скончыць вайну», - падкрэсліў Зяленскі.
Ён таксама падзякаваў міжнародным партнёрам за падтрымку і заклікаў да рашучай рэакцыі ў выпадку зрыву перамоў з боку Расеі.