17 траўня 2025, Субота, 4:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканоміка РФ пачала 2025 год з моцным запаволеннем

Эканоміка РФ пачала 2025 год з моцным запаволеннем

Гэта канстатаваў нават Расстат.

Паводле звестак Расстата, у першым квартале рост ВУП у Расеі склаў толькі 1,4% у параўнанні з тым жа перыядам летась – гэта ў тры разы менш, чым у апошнім квартале 2024 года, і амаль у чатыры разы менш, чым у першым квартале мінулага года, піша The Moscow Times.

Гэтыя лічбы горшыя, чым чакалі расейскае Міністэрства эканамічнага развіцця і незалежныя аналітыкі. У параўнанні з папярэднім кварталам эканоміка нават скарацілася на 0,4% – упершыню з 2022 года.

Запаволенне назіраецца ва ўсіх сферах: прамысловасць замест росту на 5,7% паказала ўсяго 1,1%, раздробны гандаль таксама запаволіўся, а аптовы гандаль пачаў скарачацца. Паводле звестак за красавік, сітуацыя прадаўжае пагаршацца – вытворчасць скарачаецца, транспартная грузаплынь па расейскіх чыгунках упала амаль на 10%.

Ёсць верагоднасць, што ў другім квартале Расея афіцыйна ўвойдзе ў тэхнічную рэцэсію (двойчы запар адмоўны рост ВУП).

Урад прадаўжае спадзявацца на рост ВУП на 2,5% за год, але рэальнасць можа быць значна больш сціплай – блізу 1%, як мяркуюць эксперты.

Сярод прычынаў запаволення: строгая грашовая палітыка ЦБ, санкцыі, праблемы з імпартам, высокая інфляцыя і нізкія кошты нафты. Напрыклад, у красавіку расейская нафта Urals каштавала толькі $54 за бараль замест запланаваных $70, а ў сярэдзіне траўня – ужо $50.

У выніку бюджэт недаатрымаў значную частку нафтагазавых прыбыткаў – яны ўпалі на 10%, а дэфіцыт бюджэту за студзень – красавік вырас амаль утрая. Урад нават пачаў разглядаць магчымасць скарачэння выдаткаў на 2026 год.

Пры гэтым, як ні парадаксальна, нават мірнае пагадненне з Украінай можа нанесці новы ўдар па эканоміцы. Бо блізу 40% леташняга росту забяспечылі дзяржаўныя выдаткі на вайну і выплаты кантрактнікам. Калі вайсковыя выдаткі скароцяць, гэта прывядзе да росту беспрацоўя і незадаволенасці ў рэгіёнах.

Эксперты мяркуюць, што нават у выпадку міру Пуціну давядзецца яшчэ некаторы час падтрымліваць высокі ўзровень выдаткаў на абарону, каб унікнуць эканамічнага крызісу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках