YouTube адмовіў лукашыстам у выдаленні 50-ці відэа
6- 2.05.2025, 10:11
- 10,514

Звесткі справаздачы Google.
Google выпусціў штогадовую справаздачу, у якой распавядае, колькі запытаў ён атрымаў на выдаленне кантэнту і якую прыняў пастанову. Беларускія ўлады хацелі выдаліць 51 відэа з YouTube.
Колькасць запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі. Скрыншот са справаздачы Google
За 2024 год Google атрымаў 7 запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі - усяго 58 адзінак кантэнту. З іх 56 - гэта відэа на YouTube, адзін-вэб-пошук і яшчэ адзін не паказаны.

Два звароты былі ад неназванага дзяржаўнага органа. Адзін з іх - на выдаленне 51 відэа з YouTube. Прычына не пазначаная.
У запыце ім адмовілі. Гэта відаць, калі адсартаваць запыты адпраўнікаў за другое паўгоддзе і выбраць «дзяржаўныя службовыя асобы».

На сайце падаюцца выбраныя кейсы, аб якіх прымаў пастанову Google. Сярод кейсаў ёсць адзін за 2020 год - тады Міністэрства інфармацыі падало пазоў на выдаленне відэа з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Google адмовіў, бо ніякіх «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у відэа не знайшоў.
Калі меркаваць са звестак Google, то пасля жніўня 2020-га ніводзін запыт ад дзяржаўных структур Беларусі ўхвалены не быў (за перыяд да 2019-га няма дэталёвай статыстыкі, таму меркаваць цяжка).
