Рэстаратары з Менска скралі літоўскі таварны знак
6- 2.05.2025, 11:25
- 4,880

Назву давялося змяніць, але ўладальнікі брэнда ўсё адно незадаволеныя.
У Менску летась адкрылі рэстаран Grill London, назва якога цалкам супадае з аднайменнай сеткай у Літве. Аднак літоўскія ўладальнікі заявілі, што недатычныя да гэтай установы, і западозрылі беларусаў у крадзяжы таварнага знака. З тых часоў рэстарацыя змяніла назву і лагатып, аднак гэтага, мяркуючы з усяго, недастаткова, піша 15min.lt са спасылкай на Verslo žinios.
Менская рэстарацыя на вуліцы Энгельса, якая раней называлася Grill London, у сакавіку змяніла назву на Gril & Bar London, а таксама памяняла лагатып — замест выявы двухпавярховага брытанскага аўтобуса цяпер выкарыстоўваецца будынак з бутэлькай.
Аднак адзін з заснавальнікаў літоўскай сеткі рэстаранаў Grill London Андрус Лаўрынавічус заявіў, што простай змены назвы недастаткова і парушэнні па-ранейшаму застаюцца. Паводле ягоных слоў, на старонках беларускай установы дагэтуль публікуюцца фатаграфіі страў з меню літоўскай сеткі, хоць іх там нават не гатуюць.

«Яны (уладальнікі менскай рэстарацыі. — Прыма. рэд.) змянілі назву, але працягваюць выкладваць у сацсеткі фатаграфіі нашых страў. Не ведаю, адкуль яны іх бяруць - можа, прыходзяць сюды і фатаграфуюць, можа, хтосьці робіць гэта для іх. Але на здымках нашы рэстарацыі. Такіх страў у іх наогул няма», - заявіў Лаўрынавічус.
Ён паведаміў, што збіраецца звярнуцца ў беларускія інстанцыі, а калі гэта не прынясе выніку — падасць у суд.
У якасці прэцэдэнту ён падае выпадак з брэндам гарэлкі Absolut, якому ўдалося ў беларускіх судах абараніць свае правы інтэлектуальнай уласнасці і спыніць незаконнае выкарыстанне таварнага знака.