Кодавае слова «масла»: як у Віцебску скралі пяць цыстэрнаў бітуму
2- 2.05.2025, 11:49
- 3,774

Шкода склала больш за 186 тысяч рублёў.
Галоўны інжынер віцебскага прадпрыемства абвінавачваецца ў крадзяжы больш як 130 тон бітуму — дапамагаў яму ў гэтым кіроўца аўтацыстэрны. У іх было кодавае слова і ўмоўленае месца сустрэчы, піша «Зеркало» са спасылкай на Следчы камітэт.
Са звестак следства, 29-гадовы галоўны інжынер з чэрвеня 2022 года да верасня 2023 года выкрадаў дарожны бітум і грошы віцебскага прадпрыемства, дзе працаваў. Мужчына ўступіў у злачынную змову з кіроўцам арганізацыі - перавозчыка бітуму, мяркуюць следчыя.
«У змоўшчыкаў былі агульныя мэты, план і нават кодавае слова «масла», пачуўшы якое, кіроўца разумеў, што ўтварыліся лішкі матэрыялу, якога хопіць для выканання патрэбных работ, таму дастаўляць груз не трэба і можна яго прадаць на баку», — распавялі ў СК.
Пасля ўгоды кіроўца прывозіў частку здабытай сумы галоўнаму інжынеру ў загадзя абумоўленае месца - на трасу. Там той падпісваў накладныя і прастаўляў пячаткі прадпрыемства ў дакументах.
«Выяўлена, што такім чынам пяць аўтамабіляў са 131 тоннай нафтапрадукту не даехалі да прадпрыемства Віцебска. Шкода склала больш за 186 тысяч рублёў», - паведамілі ў СК.
Крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы выдзелілі ў асобную вытворчасць. А галоўнаму інжынеру ўжо выставілі абвінавачванне ў крадзяжы ў асабліва вялікай суме шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч.4 арт. 210 КК).
Мужчыну пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі, шкоду прадпрыемству ён цалкам кампенсаваў.