СБУ раскрыла дэталі пра жанчыну, якую завербавала РФ для замаху на Сцярненку
12- 2.05.2025, 15:17
- 11,130

Яна сачыла за валанцёрам з сярэдзіны красавіка.
Жанчына, якая страляла ва ўкраінскага валанцёра Сяргея Сцярненку, была завербаваная расейскімі спецслужбамі. Яна сачыла за валанцёрам з сярэдзіны красавіка.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэс-цэнтр Службы бяспекі Украіны.
Затрыманай абвясцілі падазрэнне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны:
ч. 2 арт. 111 (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча);
ч. 2 арт. 15, ч.2 арт. 27 і ч. 2 арт. 115 (замах на забойства з карыслівых памкненняў, учынены на замову, паводле папярэдняй змовы групай асоб).
Затрыманая - 45-гадовая ўраджэнка Адэскай вобласці, якая пражывала ў Кіеве. Яе завербавалі расейскія спецслужбы дыстанцыйна ў канцы 2024 года, калі жанчына шукала «лёгкіх грошай» у Інтэрнэце.
Як выявіла следства, спачатку жанчына сачыла за названымі аўтамабілямі, фатаграфавала іх і перадавала куратару. Затым яна атрымала іншыя заданні, вырабіць самаробнае выбуховае прыстасаванне. Таксама змяніла месца жыхарства - пераехала ў кватэру ў цэнтральнай частцы Кіева.
З сярэдзіны красавіка падазраваная пачала сачыць за Сяргеем Сцярненкам, пасяліўшыся з ім у адным жылым комплексе. Пазней яна атрымала каардынаты «схованкі», дзе былі пісталет мадэлі ПМ і патроны да яго.
Раніцай 1 мая куратар загадаў жанчыне ўчыніць забойства валанцёра. Шпіёнка ведала марку аўто і прыкладны час, калі валанцёр пакідае сваё жыллё.
У момант выхаду Сцярненкі з дому расейская агентка зрабіла некалькі стрэлаў, адна з куль трапіла яму ў нагу. Нападнік быў імгненна затрыманы на месцы супрацоўнікамі СБУ.
У яе знайшлі тэлефон з доказам працы на Расею, а таксама кампаненты да самаробнага выбуховага прыстасавання, якое яна захоўвала ў іншай кватэры.
Затрыманай пагражае да 15 гадоў турмы. Дасудовае расследаванне працягваецца.




Замах на Сяргея Сцярненку
У чацвер, 1 траўня, вядомы ўкраінскі валанцёр Сяргей Сцярненка паведаміў, што на яго напалі. Ён быў паранены і перанёс аперацыю. Пазней сам Сцяррненка паведаміў, што куля прайшла навылёт і не зачапіла важных органаў.
СБУ затрымала нападніцу адразу, а таксама паказала ейнае фота. Служба бяспекі ўдакладніла, што жанчына страляла ў валанцёра з агнястрэльнай зброі.
Нападніцы ўжо абвясцілі падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і замаху на забойства валанцёра. Сёння, 2 траўня, суд у Кіеве абярэ ёй меру стрымання.