Bloomberg: Каманда Трампа падрыхтавала варыянты ціску на Крэмль
- 2.05.2025, 16:39
- 4,646

Раней прэзідэнт ЗША пагражаў Расеі новымі санкцыямі.
Амерыканскія чыноўнікі падрыхтавалі Дональду Трампу шэраг варыянтаў узмацнення эканамічнага ціску на Расею, бо Уладзімір Пуцін зацягвае спробы спыніць вайну ва Украіне.
Людзі, якія размаўляюць на ўмовах ананімнасці, папярэдзілі, што Трамп яшчэ не прыняў ніводнай пастановы, бо дыпламатычныя намаганні працягваюцца. Яны адмовіліся падаваць дэталі наконт таго, якія варыянты ёсць на стале, і сказалі, што ўсякая пастанова застаецца выключна за прэзідэнтам, піша Bloomberg.
Украіна і яе супольнікі заклікаюць ЗША ўзмацніць ціск на Маскву, у тым ліку шляхам увядзення дадатковых абмежаванняў на экспарт энэрганосьбітаў і даходаў ад продажу нафты, каб прымусіць яе спыніць агонь на ўмовах, прапанаваных Трампам.
На мінулым тыдні, пасля сустрэчы з Зяленскім у Ватыкане, Трамп напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што ў Пуціна няма «ніякіх прычын страляць ракетамі па мірных раёнах» і «гэта прымушае мяне думаць, што, магчыма, ён не хоча спыняць вайну», а затым прапанаваў нацэліцца на расейскі банкаўскі сектар або ўвесці так званыя другасныя санкцыі.
Амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм, заявіў у пачатку гэтага тыдня, што ў яго ёсць падтрымка 72 калегаў наконт законапраекта, які ўвядзе «зруйнавальныя» новыя санкцыі супраць Расеі і тарыфы на краіны, якія набываюць яе нафту, газ і іншыя ключавыя прадукты, калі Пуцін не пойдзе на сур'ёзныя перамовы аб спыненні вайны.
Гэты законапраект прадугледжвае 500% тарыфаў на імпарт з краін, якія набываюць расейскую нафту, нафтапрадукты, прыродны газ або ўран.