Прэм'ер Канады Кэрні сустрэнецца з Трампам
1- 2.05.2025, 20:13
- 2,040

Марк Кэрні заявіў, што перамовы не будуць лёгкімі.
Прэм'ер-міністр Канады Марк Кэрні заявіў у пятніцу, 2 траўня, што ў аўторак сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме.
Сустрэча мае важнае значэнне, бо яна адбудзецца на фоне гандлёвай вайны, якая прадаўжаецца, і пагрозаў анэксіі з боку Трампа, паведамляе AP.
«Мы сустракаемся як кіраўнікі нашых урадаў. Я не буду рабіць выгляд, што гэтыя перамовы будуць лёгкімі», – адзначыў Кэрні.
Кэрні таксама паведаміў, што 27 траўня, калі Парламент адновіць сваю працу, кароль Чарльз III выступіць з прамовай, у якой акрэсліць прыярытэты канадскага ўраду. Чарльз з'яўляецца кіраўніком дзяржавы Канады, якая ўваходзіць у Судружнасць нацый – аб'яднанне былых брытанскіх калоній.
«Гэта дакладна падкрэслівае суверэнітэт нашай краіны», – сказаў прэм'ер.
З таго часу як ён заняў пасаду прэм'ер-міністра пасля адстаўкі Джасціна Трудо, Кэрні неаднаразова падкрэсліваў ролю заснавальнікаў Канады – Вялікай Брытаніі і Францыі. Ён таксама заяўляў, што старая мадэль стасункаў з ЗША, якая засноўвалася на паступовай інтэграцыі, больш не актуальная.
«Я правёў вельмі канструктыўную тэлефонную размову з прэзідэнтам Трампам, і мы дамовіліся сустрэцца ў наступны аўторак у Вашынгтоне. Мой урад будзе змагацца за найлепшае пагадненне для Канады», – падкрэсліў канадскі прэм'ер.
Раней Кэрні заяўляў, што цеснае сяброўства Канады з ЗША закончылася, як і 80-гадовы перыяд, калі Злучаныя Штаты выконвалі ролю глабальнага эканамічнага лідара і будавалі хаўрусы, заснаваныя на даверы і ўзаемнай павазе.
Трамп кпіў з папярэдніка Кэрні, называючы яго «губернатарам Трудо», аднак самога Кэрні пакуль не высмейваў.
Прафесар гісторыі Канады і міжнародных стасункаў Роберт Батвел мяркуе, што Кэрні не варта ехаць у Вашынгтон, бо ёсць рызыка, што Трамп прынізіць як Канаду, так і самога прэм'ера.
«Абсалютна няма ніякай прычыны ехаць. З Трампам немагчыма дамовіцца. Ягонае слова нічога не каштуе. Гэта як пісаць на паверхні сажалкі – бруднай сажалкі. Мы нічога не атрымаем», – сказаў Батвел у каментары AP.
29 красавіка Марк Кэрні ў інтэрв'ю BBC заявіў, што Канада заслугоўвае павагі з боку ЗША і пачне перамовы ў пытаннях гандлю і бяспекі з прэзідэнтам Дональдам Трампам толькі на сваіх умовах.
Акрамя таго, Кэрні ў катэгарычным тоне выключыў магчымасць далучэння Канады да ЗША – ідэі, якую неаднаразова высоўваў прэзідэнт Дональд Трамп і якая выклікала ў канадцаў «вялікае абурэнне».