Навукоўцы: Дзецям карысна пісаць ад рукі
5- 2.05.2025, 20:20
- 1,198

Напісанне тэксту асадкай дапамагае лепш запамінаць літары і словы.
Новае даследаванне ад навукоўцаў з Універсітэта Краіны Баскаў збольшага пацвярджае ідэю, што напісанне тэксту асадкай ці алоўкам дапамагае дзецям лепш запамінаць літары і словы.
Сучасныя дзеці з малых гадоў умела карыстаюцца гаджэтамі і не заўсёды разумеюць, навошта пісаць тэкст ад рукі, калі можна выкарыстоўваць клавіятуру. Таму каманда даследнікаў з Гішпаніі захацела разабрацца, наколькі навыкі класічнага пісьма важныя для засваення алфавіту і правілаў арфаграфіі.
Навукоўцы правялі эксперымент з удзелам 50 дзяцей, якія рыхтуюцца да навучання ў першым класе. Усе малыя былі носьбітамі гішпанскай, але яшчэ не ўмелі чытаць.
Дзяцей выпадковым чынам размеркавалі на чатыры групы. Удзельнікі дзвюх з іх вывучалі літары і словамі, выпісваючы іх: спачатку нехта паўтараў літары ад рукі, іншыя абводзілі іх. Дзеці з іншых дзвюх групаў асвойвалі матэрыял, набіраючы тэкст на клавіятуры: першыя – выкарыстаючы адзін і той самы шрыфт, іншыя – розныя.
Даследнікі адначасна ацэньвалі агульныя навыкі дзяцей: развітасць дробнай маторыкі, памяць, веданне гішпанскіх літараў. Акрамя гэтага, на дзвюх асобных сесіях малых прасілі запомніць літары з дзвюх незнаёмых моваў – армянскай і грузінскай. Пасля навучання дзеці праходзілі тэст на веданне вывучанага матэрыялу.
Як вынік, даследаванне паказала, што дзеці, якія навучаліся праз напісанне літараў ад рукі, стабільна паказвалі лепшыя вынікі: яны з большай дакладнасцю ідэнтыфікавалі патрэбныя літары і лепш запомнілі іх правапіс.