Казахстан забараніў уезд віцэ-спікеру Дзярждумы РФ і яшчэ чатыром расейскім дэпутатам
5- 2.05.2025, 21:16
- 9,434

Пётр Талстой раней заяўляў, што пасля Украіны «наступнай праблемай» для Расеі можа стаць Казахстан.
Улады Казахстана забаранілі ўезд у краіну чацвярым дзейным дэпутатам Дзярждумы РФ і аднаму былому расейскаму парламентарыю. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе краіны. Паводле словаў суразмоўцы выдання, прычынай стала публічнае распаўсюджванне гэтымі асобамі абразлівых і варожых выказванняў на адрас Казахстана і ягонага кіраўніцтва. У чорны спіс патрапілі віцэ-спікер Дзяржаўнай Думы Пётр Талстой, першы намеснік старшыні думскага камітэта ў міжнародных справах Вячаслаў Ніканаў, дэпутаты ад партыі «Адзіная Расея» Яўген Фёдараў і Канстанцін Затулін, а таксама кіраўнік Рассупрацоўніцтва і былы дэпутат Дзярждумы Яўген Прымакоў.
Талстой раней заяўляў, што пасля Украіны «наступнай праблемай» для Расеі можа стаць Казахстан. Ён таксама назваў Алматы «горадам Верным, пабудаваным расейцамі», і абвінавачваў Казахстан у спробе «выдумаць уласную гісторыю», каб адмежавацца ад Расеі. Ніканаў, выступаючы на федэральнай тэлевізіі, заявіў, што «Казахстана проста не існавала», ахарактарызаваўшы тэрыторыю сучаснага Казахстана як «падарунак Расеі і СССР». Фёдараў падтрымаў выказванні Ніканава і заявіў, што Расея нібыта мае права запатрабаваць ад Казахстана вярнуць тэрыторыі. Акрамя таго, паводле словаў Фёдарава, Казахстан «не выйшаў са складу СССР у адпаведнасці з міжнародным правам», а значыць, яго дзяржаўнасць носіць «не зусім законны характар».
Канстанцін Затулін у 2022 годзе рэзка раскрытыкаваў пазіцыю прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева, які тады адмовіўся прызнаць самаабвешчаныя ДНР і ЛНР. Дэпутат намякнуў на тэрытарыяльныя прэтэнзіі, заявіўшы, што ў выпадку адсутнасці паўнавартаснага партнёрства «ўсё магчымае, як у выпадку з Украінай».
Прымакоў абвінавачваў улады Казахстана ў нібыта бяздзеянні ў дачыненні да «дзеянняў нацыяналістаў супраць расейскай мовы». Пазней ён адкрыта адмовіўся працаваць з міністрам інфармацыі Казахстана Аскарам Умаравым, назваўшы яго «расейскафобскай дрэнню» праз нібыта расейскафобскія выказванні.
Як адзначае Deutsche Welle, акрамя дэпутатаў, у спіс асобаў нон грата таксама трапілі прапагандысты Ціна Кандэлакі і Тыгран Кеасаян, палітолаг Мікіта Мендковіч, ідэолаг «расейскага свету» Аляксандр Дугін, а таксама расейскі гісторык Андрэй Грозін. Апошняму днямі было адмоўлена ва ўездзе ў Казахстан без тлумачэння прычынаў.
Грозін, які ўзначальвае аддзел Казахстана і Сярэдняй Азіі ў Інстытуце краінаў СНД, збіраўся ўзяць удзел у двух мерапрыемствах: 28 красавіка – у дыскусіі датычна праблемаў у расейска-казахстанскіх стасунках, а 29 красавіка – у круглым стале, прысвечаным пытанням бяспекі і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Аднак 27 красавіка яму адмовілі ва ўездзе пры праходжанні пашпартнага кантролю ў аэрапорце Астаны. У Інстытуце паведамілі, што высветліць прычыны адмовы не ўдалося.
Там таксама нагадалі, што падобны інцыдэнт адбыўся і ў 2023 годзе, калі дырэктара Інстытута – дэпутата Затуліна – цягам некалькіх гадзінаў «спрабавалі не пусціць у Казахстан» для ўдзелу ў запуску касмічнага карабля з Байканура. Тады сітуацыю ўдалося ўладзіць.