Навукоўцы змаглі падслухаць «размову» дрэваў і зрабілі неверагоднае адкрыццё
10- 2.05.2025, 21:33
- 6,966

Высвятляецца, лясы маюць уласную магутную сістэму абмену інфармацыяй.
Расліны ўважаюцца за нямых істотаў, няздольных да вербальных зносінаў. Але даследаванні навукоўцаў сведчаць, што дрэвы такі маюць уласную сістэму зносінаў, якая здольная перадаваць некаторую важную інфармацыю ад аднаго арганізма да іншага, піша New Atlas.
Міжнародная каманда навукоўцаў з Універсітэта Паўднёвага Крыжа ў Аўстраліі і Італьянскага тэхналагічнага інстытута ўпершыню зафіксавала спецыфічныя спосабы, якімі бярозы ў лесе Коста-Боке ў Даламітавых Альпах выкарыстоўваюць біяэлектрычныя сігналы для папярэджання «калег» аб набліжэнні сонечных зацьменняў. Прычым больш старыя дрэвы першымі пасылаюць гэтыя сігналы, што можна расцэньваць як перадачу «моладзі» набытых за жыццё ведаў.
Як адзначаюць аўтары даследавання, лясная сетка бярозаў, якую яны вывучалі, мае сістэму папярэджання суседзяў аб неабходнасці падрыхтавацца да экалагічных зменаў. Прычым ключавы момант заключаецца ў тым, што гэтыя паведамленні не рэактыўныя, а праактыўныя. То-бок гэта не рэакцыя на працэс, які ўжо пачаўся, а менавіта папярэджанне пра тое, што толькі павінна пачацца неўзабаве. У гэтым выпадку гаворка ішла пра сонечныя зацьменні, пра якія дрэвы сігналізавалі адно аднаму за некалькі гадзінаў да пачатку самой астранамічнай падзеі.
Каб зразумець гэта, каманда навукоўцаў вымерала біяэлектрычныя імпульсы дрэваў з дапамогай сеткі звышадчувальных датчыкаў. Назіранне паказала, што актыўнасць сігналаў змянілася за некалькі гадзінаў да сонечнага зацьмення, і ўсе дрэвы пачалі «сінхранізавацца», калі «вестка» распаўсюджвалася. Паказальна, што першымі гэтае «паведамленне» пачалі адпраўляць старыя дрэвы.
Навукоўцы адзначаюць, што гаворка ідзе пра абмен менавіта электрычнымі сігналамі, а не вылучэнне пэўных рэчываў.
«Той факт, што старыя дрэвы рэагуюць першымі – патэнцыйна кіруючы калектыўнай рэакцыяй лесу – шмат гаворыць пра іх ролю як банкаў памяці аб мінулых экалагічных падзеях. Гэтае адкрыццё падкрэслівае крытычную важнасць абароны старых лясоў, якія служаць апорамі ўстойлівасці экасістэмы, захоўваючы і перадаючы неацэнныя экалагічныя веды», – кажуць даследнікі.