Генеральны сакратар NATO прыдумаў спосаб павялічыць выдаткі хаўруснікаў на абарону да 5%
- 2.05.2025, 21:55
- 1,984

Раней Марк Рутэ заявіў, што NATO неабходна «пераключыць мысленне на ваенны час».
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ прапанаваў чальцам блоку план павелічэння вайсковых выдаткаў у сукупнасці да 5% ВУП, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
План Рутэ ўключае павышэнне абаронных выдаткаў да 3,5 адсотка (з 2014 года патрабаваны паказнік у альянсе – 2 адсоткі, да 2025 года не ўсе чальцы альянсу змаглі дасягнуць гэтай планкі – толькі 22 з 32 краінаў, удакладняе агенцтва) і павелічэнне іншых выдаткаў, звязаных з бяспекай, на 1,5 адсотка. Што маецца на ўвазе пад іншымі выдаткамі, яшчэ трэба ўзгадніць. Туды можа ўваходзіць, напрыклад, рамонт дарог і мастоў, неабходных для транспартавання тэхнікі.
У NATO наўпрост не адказалі на звесткі Reuters. Прадстаўніца альянсу Элісан Харт адзначыла, што Рутэ неаднаразова заяўляў пра неабходнасць нарасціць вайсковыя выдаткі альянсу.
«Гэта, хутчэй за ўсё, вынікуе не толькі павелічэнне інвестыцый у абарону ў адпаведнасці з узгодненымі вызначэннямі NATO, але і дадатковыя інвестыцыі ў сумежныя вобласці, такія як інфраструктура і ўстойлівасць», – указала Харт і дадала, што генеральны сакратар цесна супрацоўнічае з хаўруснікамі, каб падрыхтаваць пастановы ў гэтым пытанні для нашага саміту ў Гаазе. Мерапрыемства пройдзе ў чэрвені.
У студзені Рутэ заявіў, што NATO неабходна «пераключыць мысленне на ваенны час» і рыхтавацца да вайны, каб яе прадухіліць. Гэта ўключае павелічэнне выдаткаў на абарону, прадаўжэнне падтрымкі Украіны і ўмацаванне супрацоўніцтва з партнёрамі NATO па ўсім свеце, растлумачыў генеральны сакратар.