З'явіўся сакрэтны дакумент ЦРУ пра дзве базы НЛА на Зямлі
43- 3.05.2025, 20:02
- 36,298

Названыя іх лакацыі.
У ЗША чарговы раз разгарэліся дэбаты на тэму НЛА. Пакуль амерыканскія афіцыйныя асобы прадаўжаюць адмаўляць наяўнасць якіх-небудзь доказаў сустрэчаў з пазаземнымі істотамі, усплылы дакумент ЦРУ мяркуе, што ўрад мог ідэнтыфікаваць іншапланетнікаў яшчэ дзесяцігоддзі таму.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле Daily Mail.
Выданне піша, што ў 1970-я і 1980-я гады ЦРУ праводзіла эксперыменты з людзьмі, якія сцвярджалі, што яны здольныя ўспрымаць інфармацыю пра аддаленыя аб'екты, падзеі ці людзей – працэс, вядомы як «дыстанцыйнае бачанне».
Гэтыя эксперыменты былі часткай звышсакрэтнай праграмы пад назвай STARGATE, у рамках якой спецслужба задзейнічала людзей з меркаванымі псіхічнымі здольнасцямі ў мэтах ваеннай і выведнай дзейнасці.
У 1995 годзе гэтая праграма была закрытая з прычыны прызнання яе неэфектыўнай.
Падчас аднаго з такіх эксперыментаў экстрасэнс, які ўдзельнічаў у праграме, нібыта апісаў іншапланетныя базы, размешчаныя на Алясцы, у Паўднёвай Амерыцы або Афрыцы, а таксама на спадарожніку Сатурна – Тытане.
Паводле ягонай справаздачы, назіраліся тры тыпы пазаземных істотаў. Адны былі гуманоіднымі, іншыя – з нечалавечымі рысамі, уключаючы вялікія галовы і «робатападобнае» аблічча.
Па-першае, цікавасць выклікаў эскіз экстрасэнса, як мяркуецца, ён паказвае гару Хейз на Алясцы – месца, даўно звязанае з тэорыямі пра падземныя базы іншапланетнікаў.
«Экстрасэнс апісаў дзвюх істотаў, якія стаяць звонку базы, «выконваюць нейкую руцінную задачу». Унутры базы ён адчуў прысутнасць яшчэ дзвюх істотаў. Адна сядзела за круглым пультам з экранападобным аб'ектам, паводле нататак сеансу. Другая постаць выконвала іншую задачу на заднім плане. Істота за пультам, паводле ягоных словаў, была ў чалавечай форме, але не мела дакладных рысаў твару, і, як сцвярджаецца, усвядоміла прысутнасць экстрасэнса і “запрасіла” яго назіраць за працай», – сказана ў матэрыяле.
Таксама займальны эпізод з базай на Тытане, дзе, паводле словаў экстрасэнса, працавалі звычайныя на выгляд людзі, у тым ліку жанчына ў лабараторным халаце. Акрамя таго, згадваецца загадкавая база «недзе на поўдзень ад экватара» (у Паўднёвай Амерыцы ці Афрыцы), дзе ўдзельнік эксперыменту нібы назіраў істотаў з незвычайнай знешнасцю.
«У першага была вельмі вялікая, круглявая галава на тонкай шыі... вельмі нечалавечы выгляд... амаль як у робата... не ўдалося ўстанавіць кантакт з гэтай істотай», – гаворыцца ў справаздачы.
Пры гэтым другая істота, паводле словаў удзельніка эксперыменту, была больш падобная на чалавека. У матэрыяле таксама гаворыцца, што ЦРУ кіравала некалькімі падобнымі праграмамі «дыстанцыйнага бачання» ў часы халоднай вайны.
Згадваецца выпадак, як у рамках іншай місіі экстрасэнс Джо МакМанагл паведаміў, што бачыў на Марсе гіганцкую піраміду і людзей, якія паміралі ў атмасферы, што пагаршаецца. Пазней высветлілася, што каардынаты, з якімі ён працаваў, паказвалі на Марс блізу 1000000 года да нашай эры.