Эксперт: Расея рыхтуецца да атакі не толькі на Балтыю і Польшчу
15- 3.05.2025, 10:15
- 10,700

Пуціну патрэбны рух.
Вайскова-палітычны аглядальнік групы Інфармацыйны супраціў Аляксандр Каваленка не выключае, што ў краіны-агрэсаркі РФ сапраўды ёсць магчымасць зайсці і захапіць частку пэўных краін NATO, прычым адначасова.
З яго слоў, напад Пуціна на Украіну ў 2022 годзе быў нерацыянальны і нелагічны, бо Расея не была гатовая да такой вайны. Непрадказальныя і нерацыянальныя крокі з боку Пуціна цалкам магчымыя і зараз.
«Яму [Пуціну] патрэбная «дзвіжуха», вось ён і можа зладзіць яе ў адной з краін НАТА. Прычым ён можа распачаць такія дзеянні не толькі ў дачыненні да краін Балтыі ці Польшчы, але і да краін Скандынавіі - Швэцыі і Фінляндыі», - сказаў Каваленка ў каментары «Главреду».
Пры гэтым калі Пуцін убачыць, што NATO не працуе, ён працягне сусветную вайну супраць усіх.
«Больш за тое, ён [Пуцін] будзе ўцягваць у гэтую вайну іншыя дыктатуры, і тады ў перспектыве паўночнакарэйскія жаўнеры цалкам могуць з'явіцца не толькі ва Украіне, але і ў Эстоніі», - не выключае Каваленка.
Для нападу на такія краіны, як Літва, Латвія і Эстонія, 100-тысячнай групоўкі расейцаў Пуціну будзе дастаткова. Амаль усе гэтыя краіны маюць нядрэннае транспартнае разгалінаванне, і лагістыка працуе выдатна - Расея можа скарыстацца гэтым для хуткага прасоўвання і захопу.
«Таму пагроза хуткага і поўнага захопу гэтых краін Расеяй цалкам рэальная, калі яна зможа сабраць такое войска (…) 100 тысяч вайскоўцаў цалкам можа выстарчыць Расеі, каб зайсці ў Эстонію, і расійскія войскі будзе вельмі цяжка адтуль выбіваць, калі NATO нарэшце апамятаецца», – сказаў аналітык.
Калі казаць пра Сувальскі калідор, то для захавання кантролю над ім Расеі трэба будзе браць пад кантроль Літву, перацяць парты ў Латвіі і Эстоніі, каб не адбывалася падтрымка Літвы праз мора.
«Адпаведна, Эстонія, Літва і Латвія, адразу ўсе тры краіны, знаходзяцца ў зоне рызыкі. А Польшча - гэта нейкі паўднёвы і паўднёва-заходні фланг, які трэба будзе фармаваць для ўтрымання калідора. Так што нават у чатырох краінах Расеі трэба будзе праводзіць аперацыю, каб кантраляваць выхад у Калінінградскую вобласць», - рэзюмаваў Каваленка.