Масква прыціснула Лукашэнку
26- 3.05.2025, 10:46
- 25,992

Дыктатар прыніжаўся і выкручваўся.
Другі раз за апошнія дні Аляксандр Лукашэнка вымушаны публічна апраўдвацца наконт стаўлення ўладаў Беларусі да георгіеўскай стужкі. Так, відаць, моцна прыціснулі расейцы выкрутлівага хаўрусніка ў плане імперскай сімволікі, піша на «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
2 траўня ён узняў тэму ў самым пачатку сустрэчы ў Менску з губернатарам Астраханскай вобласці Ігарам Бабушкіным, на якой прысутнічаў і пасол Расеі Барыс Грызлоў.
«Мы ж не носім свастыку»
Раней Аляксандр Лукашэнка апраўдваўся перад расейскім прэзідэнтам падчас іх сустрэчы на »патрыятычным форуме» ў Валгаградзе 29 красавіка. Маўляў, у Беларусі «ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужкі».
Тады было не зусім зразумела, чаму тэма наогул усплыла. Сёння беларускі дыктатар расшыфраваў.
«Што мяне здзівіла, ён (Пуцін. - А.К.) кажа: «Слухай, раскажы мне, у чым справа». Я кажу: «Я думаў, гэта ад цябе ўсё ідзе». - Не, я першы раз чую. - Ну кажу, тады, напэўна, ад нашага агульнага сябра. - Ад каго? - Я кажу: «Ну як, ад Барыса Вячаслававіча [Грызлова]». Засмяяўся [Пуцін], кажа: «Не, не можа быць». Ён кажа: «Адкуль?» Я кажу: «Ты паглядзі, можа, ад «Рассупрацоўніцтва». Я не сцвярджаю», — так пераказаў Лукашэнка закулісную размову са «старэйшым братам» у Валгаградзе.
Ну, заява «ўпершыню чую» (калі Лукашэнка карэктна выкладае размову) можа быць звычайным прыёмам старога чэкіста.
Хутчэй за ўсё, Уладзіміру Пуціну нашапталі — не так важна, хто менавіта (а магчыма, і не адзін з тых, хто мае доступ да цела), — што Лукашэнка цішком заціскае гэты сакралізаваны расейскімі ўладамі сімвал. Вось і давялося рваць кашулю на грудзях.
Учора «малодшы брат» паўтарыў вернападданніцкі тэзіс:
«Хочаце з [георгіеўскімі] стужкамі - я і яму (Пуціну. - А.К.) сказаў - калі ласка, хочаце з нашымі (чырвона-зялёнымі, у колерах афіцыйнага сцяга. - А.К.) стужкамі - калі ласка. Хто як хоча. Мы ж свае людзі. Мы ж не носім свастыку, як ва Украіне».
Пры гэтым Лукашэнка, каб апраўдаць паралельнае выкарыстанне двух святочных атрыбутаў, зноў паставіў кружэлку пра акцыю «Беларусь памятае», якая, маўляў, падобная да расейскага «Несмяротнага палка» і ініцыяваная нібыта беларускай моладдзю.
І зноў не прамінуў мазнуць дзёгцем паўднёвых суседзяў: «Добры варыянт. Не ўкраінскі».
«Малодшы брат» выкручваецца
Лукашэнка выкручваецца. Ён падае ідэю чырвона-зялёнай бутаньеркі як спантанную ініцыятыву нейкай моладзі. Хаця насамрэч ёсць шмат сведчанняў, што менавіта яго чыноўнікі дружна насаджалі гэты сімвал для выкарыстання на афіцыйных мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі. І напаўголаса раілі пазбягаць георгіеўскай стужкі.
Гэтая кампанія распачалася ў той перыяд перад 2020 годам, калі Лукашэнка, прыціснуты патрабаваннем «паглыбіць інтэграцыю», асабліва востра адчуў пагрозу інкарпарацыі Беларусі. Тады ён узяў ва ўнутранай палітыцы курс, які аналітыкі ўмоўна назвалі мяккай беларусізацыяй.
Гэта быў такі асцярожны бар’ер ад Масквы. Каб, з аднаго боку, не даць асабліва шмат волі «свядомым» (так пагардліва дыктатар называе нацыянальна свядомых беларусаў, настроеных апазіцыйна), а з другога - стварыць, узмацніць нейкія наратывы і сімвалы, якія сведчаць, што Беларусь - усё ж не Расея.
На той час прыпала і нашумелая «справа Рэгнуму», калі ўпаялі рэальныя тэрміны тром публіцыстам імперскага кшталту, якія мелі беларускае грамадзянства.
Пры гэтым дэ-факта мясцовым расейскамірцам усяляк перашкаджалі праводзіць акцыю «Несмяротны полк». Яна сапраўды ўзнікла ў Расеі як нізавая ініцыятыва, але неўзабаве была падмятая Крамлём, інтэграваная ў яго вялікадзяржаўны ідэалагічны канцэпт. Так што беларускае начальства абгрунтавана бачыла ў ёй паўзучае распаўсюджванне імперскай мяккай сілы.
Да таго ж пасля захопу Крыма і прыходу «іхтамнэтаў» на Данбас да чорна-аранжавай стужачкі, якая шырока выкарыстоўвалася сепаратыстамі, прыклеіўся хвосткі ярлык «каларадская».
Лукашэнка ж у той час адбіваўся ад прызнання паўвострава расейскім. І за кошт гэтага дыстанцыявання палепшыў стасункі з Захадам, пашырыў калідор замежнапалітычнага манеўру.
Больш за тое, стаў прэтэндаваць на лаўры міратворца, у 2015-м прыняў у Менску саміт нармандскай чацвёркі. І нават размроіўся аб статусе Беларусі як «усходняй Швэйцарыі», прапаноўваў запусціць тут новы Хельсінскі працэс.
Запал вакол «Несмяротнага палка»
У гэтым кантэксце «каларадская» сімволіка на вуліцах Беларусі была яе дыктатару абсалютна непатрэбнай.
У 2018 годзе ўлады Менска да апошняга цягнулі з дазволам правесці «Несмяротны полк» і далі дабро толькі ўвечары 8 траўня, каб мінімізаваць колькасць удзельнікаў. У 2019-м шэсце санкцыянавалі ў дашчэнту ўсечаным фармаце - толькі на адрэзку ад дома-музея першага з'езда РСДРП да плошчы да плошчы Перамогі (гэта лічаныя дзясяткі метраў).
У дадатак дзяржСМІ замоўчвалі гэтыя акцыі, трубілі толькі аб мерапрыемстве «Беларусь памятае». А сталічны гарвыканкам штораз адмаўляўся рэгістраваць грамадскае аб'яднанне «Несмяротны полк». Прарасейскія актывісты наіўна скардзіліся з гэтай нагоды ў Вярхоўны суд Беларусі - самі разумееце, з якім вынікам.
Падчас выступу ў Берасцейскай цытадэлі ў 2018-м Лукашэнка не ўтрымаўся і кінуў камень у маскоўскі агарод: «Камусьці не цярпіцца, што дзіўна - у Расеі, прыватызаваць гэтую Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузінаў, армян, таджыкаў, туркменаў».
У 2019-м ён заявіў адкрытым тэкстам:
«Я катэгарычна супраць. <…> Чаму мы павінны кінуць сваё «Беларусь памятае» і схапіцца за «Несмяротны полк»?»
З ягонага маналогу стала зразумела, што і на гэтую тэму была размова з Пуціным, і тады «малодшы брат», у ягонай інтэрпрэтацыі, быў смялейшы, заявіўшы крамлёўскаму ўладару: «Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю».
Пры гэтым Лукашэнка, як гэта часта з ім бывае, зграшыў супраць ісціны, сцвярджаючы, што «Несмяротны полк» пад імем «Беларусь памятае» з'явіўся значна раней у Беларусі, чым у Расеі».
Насамрэч расейская ініцыятыва ўзнікла ў Томску ў 2012 годзе, а беларускае мерапрыемства стала праводзіцца з 2016-га.
Імперцы адчулі слабасць беларускага дыктатаора
Зараз жа расейскія дзеячы вялікадзяржаўнага кшталту бачаць, што пазіцыі Лукашэнкі ў дачыненнях з Масквой вельмі аслаблі. І карыстаюцца сітуацыяй, каб узмацніць экспансію «рускага свету» на Беларусь, у тым ліку навязваннем георгіеўскай стужачкі.
«Малодшаму брату» гэта відавочна не па нутры. У Валгаградзе пры ўсёй ліслівасці ён рызыкнуў праявіць дзёрзкасць, стаў вучыць Пуціна гісторыі: «Раю, вось вазьміце, хай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю аб георгіеўскай стужачцы. <…> Своеасаблівая ўсё ж гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі».
Сапраўды, гэты сімвал быў заснаваны ў 1769 годзе Кацярынай II разам з ордэнам Святога Георгія «для заахвочвання вернасці, адвагі і разважлівасці на карысць Расейскай імперыі». А пасля шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну Масква прыняла закон, які прызнае георгіеўскую стужку сімвалам воінскай славы Расеі.
Ну і дзе тут «мы беларусы - мірныя людзі»? Чыста імперскі бэкграўнд, асацыяцыя з захопніцкімі войнамі.
У дадатак татальнае казённае распаўсюджванне гэтай сімволікі ў Расеі прыводзіць да таго, што яна часам выкарыстоўваецца безгустоўна (напрыклад, замест гумкі для валасоў), а то і трапляе ў смецце.
Пры гэтым наступленне «рускага свету» на Беларусь не абмяжоўваецца насаджэннем георгіеўскіх стужачак. Сам «патрыятычны форум «саюзнай дзяржавы» ў Валгаградзе, закліканы навязаць і беларусам маскоўскія гістарычныя і прапагандысцкія наратывы, называўся «Вялікая спадчына - агульная будучыня».
Якім бачыць Пуцін гэтую «агульную будучыню», стала выразна зразумела яшчэ ў 2002-м, калі ён адкрыта прапанаваў Лукашэнку ўступіць у склад Расеі шасцю абласцямі. З тых часоў рэваншызм крамлёўскага ўладара вырас у страшнага монстра, паказаў іклы ў вайне супраць Украіны.
Беларускую незалежнасць у Крамлі ўважаюць за такое ж непаразуменне, як і ўкраінскую. Проста ў беларускім выпадку дзейнічаюць не танкамі і бамбёжкамі, а ціхай сапай.