Палякі сталі больш пазітыўнымі
1- 3.05.2025, 11:19
- 1,830

Вынікі еўрапейскага даследавання.
У Польшчы, як нідзе ў Еўропе, за апошні год значна скараціўся адсотак людзей, якія адчуваюць стрэс. Гэта паказалі свежыя звесткі справаздачы Gallupa, якія таксама пацвярджае «World Happiness Report 2025».
І гэта даволі нечаканая навіна, улічваючы, што ў свеце ўсё яшчэ неспакойна, піша wyborcza.biz.
Gallup - адна з найстарэйшых міжнародных даследчых кампаній - спытала ў больш чым 227 тысяч чалавек ва ўсім свеце: «Ваш учорашні дзень прайшоў у асноўным у стрэсе?» Сярод палякаў станоўча адказалі 23% удзельнікаў. Гэта значыць, толькі кожны чацвёрты адчуваў стрэс большую частку дня. Лічба здаецца высокай, але гэта адзін з найлепшых вынікаў у Еўропе (менш стрэсаў толькі ў Даніі).
Такога прагрэсу Польшча дабілася дзякуючы зніжэнню паказчыка адразу на 7% у параўнанні з папярэднімі гадамі.
Найбольшы ўзровень стрэсу ў Еўропе зафіксаваны на Кіпры (65%), у Грэцыі (58%) і на Мальце (59%).
Палякі менш злуюцца
Gallup таксама даследаваў эмоцыю злосці. 12% палякаў прызналіся, што большую частку дня напярэдадні адчувалі злосць – гэта крыху больш за аднаго чалавека з дзясяці. І зноў Польшча апынулася побач з Даніяй (13%) і Швэцыяй (12%).
Больш за тое, менавіта ў Польшчы зафіксаванае самае вялікае ў Еўропе зніжэнне ўзроўню злосці - мінус 5% у параўнанні з мінулымі гадамі.
Больш за ўсё злаваліся жыхары Паўднёвага Кіпра (49%), Чарнагорыі (27%) і Славаччыны (24%). У Вялікай Брытаніі, Сербіі і Нямеччыне ўзровень злосці таксама знізіўся, але крыху слабей - на 4 пункты.
І менш суму
Акрамя стрэсу аналітыкі вывучылі яшчэ адну эмоцыю - сум. Толькі 9% палякаў адказалі, што адчувалі сум большую частку папярэдняга дня. Гэта трэці найменшы паказчык у Еўропе. Менш сумавалі толькі жыхары Косава (0%) і Харватыі (8%).
І зноў Польшча - лідар у зніжэнні ўзроўню суму, нароўні з Італіяй: у абедзвюх краінах доля тых, хто сумаваў, паменшылася на 5%.
Самы высокі ўзровень суму адзначаны на Паўднёвым Кіпры (35%), у Вялікай Брытаніі (26%) і Партугаліі (23%).
Але не ўсё так шчасна
Варта адзначыць, што першапачаткова справаздачы Gallupa накіраваныя на вывучэнне ўцягнутасці супрацоўнікаў у працу. І вось тут Польшча паказвае слабыя вынікі - уцягнутасць усяго 8%. Столькі ж у Францыі і Швэйцарыі, а горш толькі ў Харватыі (7%).
Да таго ж, 23% палякаў актыўна шукаюць новую працу.
- Мажліва, апытанне патрапіла на нейкі асабліва ўдалы дзень? Сонечны выходны?
- Не-не, - смяецца сацыёлаг Katarzyna Krzywicka-Zdunek. - Калі ў нас добрыя вынікі, мы адразу шукаем падвох у метадалогіі. Але Gallup штогод праводзіць і «World Happiness Report», дзе Польшча таксама паказала сябе нядрэнна.
У апошняй версіі «World Happiness Report» Польшча заняла 26-е месца са 146 краін паводлеа суб'ектыўнай ацэнкі якасці жыцця. Для параўнання: у папярэдняй справаздачы было 39-е месца.
Што ўплывае на шчасце палякаў
На думку Krzywickiej-Zdunek, ключавую ролю адыгралі дачыненні паміж людзьмі.
- Даследаванні паказваюць, што пачуццё агульнасці, сіла сувязяў, супольныя абеды вельмі моцна ўплываюць на наш дабрабыт. Парадокс у тым, што калі дзяржава не спраўляецца, людзі больш спадзяюцца адзін на аднаго - і гэта іх умацоўвае, - адзначае яна.
Таксама, з яе слоў, сваю ролю маглі адыграць і палітычныя змены - змена ўлады часта суправаджаецца паляпшэннем настрояў. Такая сітуацыя была ў Вялікай Брытаніі пасля прыходу да ўлады лейбарыстаў.
Трэба памятаць, што ў справаздачы за 2025 год адлюстраваныя звесткі за 2024-ы - фактычна гэта вынікі мінулага года.