Расейскае войска ідзе на новы рэкорд у стратах
8- 3.05.2025, 12:11
- 5,794

Брытанская выведка раскрыла падрабязнасці.
Расея набліжаецца да новага піку страт на фронце. Гэты год можа стаць рэкордным для Масквы ў стратах сярод вайскоўцаў.
Пра гэта паведамляе Мінабароны Брытаніі ў X (Twitter).
Як адзначаюць аналітыкі, Расея, імаверна, страціла на вайне супраць Украіны блізу 950 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Пры гэтым за першыя чатыры месяцы 2025 года РФ, магчыма, страціла прыкладна 160 тысяч жаўнераў.
«Калі такія тэмпы страт захаваюцца да канца 2025 года, гэты год стане самым дарагім годам вайны з пункту гледжання страт расейскага асабовага складу, працягваючы тэндэнцыю да росту страт з году ў год», - гаворыцца ў справаздачы.

Паводле інфармацыі ўкраінскага Генеральнага штаба, сярэднедзённыя страты расейцаў у красавіку 2025 года склалі крыху больш за 1200 чалавек, агулам жа цягам месяца - 36 тысяч чалавек.
У сакавіку сярэднедзённыя страты РФ былі прыкладна 1300 чалавек. Найбольшыя страты расейцаў былі зафіксаваныя ў канцы 2024 года (амаль 1600 чалавек за дзень), калі РФ спрабавала захапіць новыя тэрыторыі.
«Пакуль што ў 2025 годзе Расея не змагла ператварыць стала цяжкія страты ў значныя поспехі ва Украіне», - адзначае брытанская выведка.