4 траўня 2025, Нядзеля, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З 1 верасня ў беларускіх школах забароняць тэлефоны

19
З 1 верасня ў беларускіх школах забароняць тэлефоны

У Кодэксе аб адукацыі з'явілася шмат навінаў.

У Кодэксе аб адукацыі, які ў Беларусі пачне дзеянне з 1 верасня 2025 года, шмат навінаў.

Тое, чаго чакалі многія бацькі, ды і настаўнікі, і што відавочна не спадабаецца дзецям, – школа будзе прызнаная «тэрыторыяй без тэлефона», расказаў кіраўнік галоўнай управы адукацыі Менаблвыканкама Мікалай Башко, піша Mlyn.by.

У кодэксе пра гэта нічога не сказана, але пастанова прынятая.

– Тэма гэтая ўжо пераспела і нарэшце будзе даведзеная да свайго лагічнага заканчэння. Цяпер вядзецца тлумачальная праца з бацькоўскай грамадскасцю і навучэнцамі. Прыходзячы ва ўстанову адукацыі, дзіця павінна будзе здаць свой гаджэт і атрымаць яго пасля заканчэння навучальных заняткаў, – растлумачыў прадстаўнік Менаблвыканкама.

Да таго ж ужо вызначаныя месцы, дзе будуць захоўвацца тэлефоны, і людзі, якія адказваюць за захаванасць гаджэтаў.

Падвоз дзяцей і закрыццё школаў

Калі ў мегаполісах дабірацца да школы дзецям у асноўным нескладана, то ў раёнах і абласцях вялікая роля ў дастаўцы навучэнцаў адводзіцца аўтобусам.

Згодна з новым Кодэксам аб адукацыі, з 1 верасня 2025 года аўтобусы будуць бясплатна вазіць дзяцей не толькі да школаў, але і ў межах буйных населеных пунктаў да месцаў спартовых, культурных і іншых мерапрыемстваў.

На жаль, дэмаграфія бязлітасная. Праз тое, што ўсё менш дзяцей паступае ў школы, некаторыя ўстановы адукацыі зачыняюцца. Гаворачы пра Менскую вобласць, Мікалай Башко паведаміў, што да 2032 года ў рэгіёне «мяркуецца вывесці з сеткі 20 установаў: 14 дашкольных і 6 агульнай сярэдняй адукацыі». У тым ліку зачыняць 11 дзіцячых садоў і 4 школы.

Некаторым пашанцуе больш, іх аб'яднаюць.

Бацькі родныя і прыёмныя

Новым кодэксам прадугледжана адносіць прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў да ліку педагагічных супрацоўнікаў.

Таксама з 1 верасня 2025 года, каб запісаць дзіця ў гурток, дастаткова згоды аднаго з бацькоў або законнага прадстаўніка (раней патрабавалася дабро ад абаіх).

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках