Расея на парозе эканамічнага крызісу
1- 3.05.2025, 17:50
- 5,030

Прагноз украінскай выведкі.
Служба знешняй выведкі Украіны прагназуе, што Расейская Федэрацыя знаходзіцца на парозе эканамічнага крызісу.
У выведцы адзначылі, што на наступным тыдні Дзярждума РФ разгледзіць урадавы законапраект аб пераглядзе паказнікаў федэральнага бюджэту. Асноўнай прычынай такіх неадкладных дзеянняў з'яўляецца дысбаланс прыбытковай і выдаткавай частак бюджэту.
Сярод іншага, узмацненне негатыўных тэндэнцый у эканоміцы Расеі з'яўляецца вынікам істотнага перавышэння ўзроўню выдаткаў над прыбыткамі. Найперш, праз неабходнасць фінансаваць вайну супраць Украіны.
– Праз дысбаланс урад РФ вымушаны перагледзець федэральны бюджэт на 2025 год у бок павелічэння ягонага дэфіцыту на 250% (з 12 да 42 мільярдаў даляраў ЗША). Пры гэтым Міністэрства фінансаў РФ дэкларуе нязменнасць прагназаванага паказніка росту ВУП – на ўзроўні 2,5%, тлумачачы сваю логіку чаканым «павелічэннем ненафтагазавых прыбыткаў», – гаворыцца ў паведамленні.
Як растлумачылі ў СЗВУ, насамрэч гэта азначае беспрэцэдэнтны рост падатковага ціску на бізнэс у гісторыі сучаснай Расеі. Так, для нармалізацыі сітуацыі ў эканоміцы, урад РФ запланаваў павелічэнне паступленняў ад падатку на прыбыткі ад фізічных асобаў на 180%, падатку на прыбытак ад прадпрыемстваў – на 110%, а падатку на даданую вартасць – на 17%. І гэта пры тым, што да 30% прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу ў Расеі ўжо на мяжы банкруцтва. Да канца 2025 года павелічэнне гэтага паказніка прагназуецца да 50%.
– Паводле заявы міністра фінансаў РФ Антона Сілуанава, «прыярытэты бюджэту РФ застаюцца нязменнымі... усе мэты нацыянальнага развіцця будуць выкананыя незалежна ад вонкавых умоваў і чыннікаў...». Аднак міністр фінансаў замоўчвае той факт, што прыбыткавая частка бюджэту РФ больш як на 30% залежыць ад экспарту расейскай нафты. За першы квартал 2025 года нафта маркі urals істотна страціла ў кошце, – піша выведка.
Так, на сёння набыццё расейскай нафты ў партах Прыморск і Наварасейск вагаецца на ўзроўні 47–49 даляраў ЗША за бараль, у той час як у бюджэт быў закладзены кошт на ўзроўні 69,7 даляраў за бараль. Такім чынам, падзенне нафтагазавых прыбыткаў Расеі ў гадавым выразе можа скласці да 30%, або 30–40 млрд даляраў, што фактычна роўна дэфіцыту бюджэту РФ на гэты год.
– У кантэксце маніпулявання афіцыйнай статыстыкай аналагічная сітуацыя з узроўнем інфляцыі. Расейскі ўрад закладвае паказнік на ўзроўні 7,6%, у той час як паводле нашых ацэнак, ужо сёння рэальная інфляцыя ў Расеі перавышае 20%, – рэзюмавалі ва ўкраінскай выведцы.