4 траўня 2025, Нядзеля, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лаўроў напісаў прадмову да кнігі, у якой адмаўляецца дзяржаўнасць Літвы

15
Лаўроў напісаў прадмову да кнігі, у якой адмаўляецца дзяржаўнасць Літвы
Сяргей Лаўроў
Фота: Getty Images

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс назваў манаграфію інструментам расейскай прапаганды.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў стаў аўтарам прадмовы да манаграфіі «Гісторыя Літвы», якая адмаўляе існаванне літоўскай мовы і дзяржаўнасці гэтай краіны. Як піша «Агентство», кніга выйшла яшчэ ў сакавіку, аднак СМІ звярнулі ўвагу на яе толькі зараз.

Манаграфію «Гісторыя Літвы» ў 2025 годзе выпусціла выдавецтва «Міжнародныя дачыненні» пры МДІМЗ. Кіраўніком калектыву з дзявяці аўтараў стаў Максім Грыгор'еў - дырэктар пракрамлёўскага Фонду даследавання праблем дэмакратыі, член Грамадскай палаты РФ, удзельнік вайны ва Украіне і старшыня «Міжнароднага грамадскага трыбунала ў злачынствах украінскіх нэанацыстаў».

Лаўроў у прадмове абвінаваціў краіны Балтыі, у тым ліку Літву, у спробах «выкарыстаць сфальсіфікаваныя гістарычныя наратывы для стымулявання антырасейскіх і русафобскіх настрояў».

«Каштоўнасць гэтай кнігі палягае ў тым, што яе аўтары імкнуліся ўсебаковае, у навукова абгрунтаваным ключы прааналізаваць этапы развіцця зямель, якія ў розны час былі звязаныя з Літвой», – працягвае Лаўроў.

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс назваў манаграфію інструментам расейскай прапаганды. На думку палітыка, у ёй ставіцца пад сумнеў дзяржаўнасць, гісторыя, каштоўнасці, сімвалы Літвы, а таксама апраўдваецца імперыялізм і агрэсія Расеі супраць яе суседзяў. Ён таксама параўнаў ідэі кнігі з рыторыкай, якая суправаджала ўварванне Расеі ва Украіну.

Прафесар Гінтаўтас Мажэйкіс з Універсітэта Вітаўтаса Вялікага заявіў, што ў кнізе адмаўляецца існаванне літоўскай нацыі і літоўскай мовы, а таксама сцвярджаецца, што літоўская нацыянальная дзяржава была створаная славянамі і Расеяй. «Адмаўленне існавання Літвы вельмі падобнае на адмаўленне ўкраінцаў як нацыі», - мяркуе Мажэйкіс.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках